Віцебскія ўлады адмовіліся ад будаўніцтва смеццепераапрацоўчага камбінату?
Будаўніцтва смеццепераапрацоўчага камбінату ў Віцебску, які мусіў бы быць адчынены яшчэ ў 2011 годзе, няма нават у планах на 2014 год.
Таццяна Севярынец
Пра гэта паведаміў дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Віцебскай-Горкаўскай акругі № 17 Генадзь Грыцкевіч падчас сустрэчы з віцебскай абласной каардынатаркай аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Таццянай Севярынец.
Разам з тым Генадзь Грыцкевіч адзначыў неабходнасць будаўніцтва камбінату. Яго памочнік паведаміў, што па гэтай справе рыхтуецца дэпутацкі запыт.
У сваю чаргу віцебскія хрысціянскія дэмакраты збіраюцца ўздымаць дадзенае пытанне падчас мясцовай кампаніі і збіраць подпісы за будаўніцтва смеццепераапрацоўчага камбінату, паведаміла Таццяна Севярынец. Пры гэтым яна падкрэсліла, што грошы на будаўніцтва камбінату, хутчэй за ўсё, былі выдзеленыя ў 2010–2011 гадах, але куды яны падзеліся, не вядома.
Нагадаем, новы віцебскі смеццепераапрацоўчы камбінат, які ўлады горада абяцалімадчыніць яшчэ ў 2011 годзе каля вёскі Копці, нават не пачынаў будавацца. На ягоным месцы пабудаваная толькі трансфарматарная падстанцыя ды праведзеныя лініі электраперадач.
Крыніца - Прэсавая служба БХД