Віцяблянку, раней асуджаную за смерць дзіцяці падчас хатніх родаў, апраўдалі
У Віцебскім абласным судзе завяршыўся паўторны разгляд крымінальнай справы Вольгі Сцяпанавай, раней асуджанай за смерць дзіцяці падчас хатніх родаў. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, паведамляе Радыё Свабода.
Суддзя абласнога суду Галіна Бондал абвясьціла вырак публічна, у прысутнасці журналістаў і адваката Вольгі Сцяпанавай. Віцяблянку прызналі невінаватай у сувязі з адсутнасцю злачынства.
Сама Вольга на паўторны разгляд справы не з'явілася.
7-га верасня 2017 году Чыгуначны райсуд Віцебску прызнаў Вольгу Сцяпанаву вінаватай у сьмерці нованароджанай дачкі. Жанчына нарадзіла дома, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу Вольгу Сцяпанаву абвінавацілі ў прычыненні смерці па неасцярожнасці.
Ёй было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах калоніі-пасяленьня. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджанне прысуду і падала апеляцыйную скаргу.
Скарга была задаволеная, і справу накіравалі на паўторны разгляд. Гэтым разам у акалічнасцях смерці нованароджанага дзіцяці разбіраўся абласны суд. Працэс у Віцебскім абласным судзе распачаўся 9 студзеня, прайшло сем пасяджэнняў, на якіх сама Вольга Сцяпанава не прысутнічала. Яе інтарэсы абараняла адвакатка Надзея Бірукова. Яна сказала, што Вольга Сцяпанава не прызнавала сваёй віны ад самага пачатку. Пра гэта яна казала і журналістам, і ў адмысловым відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі, дзе прасіла спыніць распачатую супраць яе крымінальную справу.
Жанчына тлумачыла, што мае досвед хатніх родаў — першую дачку яна нарадзіла менавіта дома, але ў Санкт-Пецярбургу, дзе жыве ўжо некалькі гадоў. Другое дзіця яна хацела нарадзіць у Віцебску, дзе жыве яе маці, бо спадзявалася на дапамогу ў доглядзе дзяцей. Знарок прыехала сюды ў сярэдзіне цяжарнасці са старэйшай дачкой. Праз некалькі месяцаў, 19-га лютага 2017 году, яна нарадзіла малодшае дзіця, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што нованароджаная дзяўчынка не дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і немаўля ўратаваць не змаглі.
Пэўную надзею на тое, што крымінальную справу супраць Вольгі Сцяпанавай урэшце скасуюць, спарадзілі словы міністра аховы здароўя. Выступаючы перад з'ездам акушэраў-гінэколягаў і неанатолагаў Беларусі, міністр аховы здароўя Валеры Малашка адзначыў, што не лічыць вінаватымі ў смерці немаўляці ні хатнюю парадзіху, ні лекараў. Хоць адзначыў, што ў беларускіх радзільнях створаны добрыя ўмовы і ён не прыхільнік таго, каб выбіраць у якасці альтэрнатывы хатнія роды.