Віктар Кірэеў: “Паштоўкі захоўваюць выгляд горада, якім ён быў 100 гадоў назад”
Краязнаўца і экскурсавод Віктар Кірэеў правёў у гродзенскай “Краме Ц” інтэрактыўную медыялекцыю “Гродна на старых паштоўках”.
Краязнаўца крыху расказаў пра гісторыю паштовак увогуле. Калі пачалася франка-пруская вайна, пошту маглі вывозіць толькі на паветраным шары. Каб зрабіць вагу ліста меншай, вырашылі адмовіцца ад капэртаў і пісаць адкрытыя лісты на паштоўках.
Ілюстраваць паштоўкі пачалі з развіццём фатаграфіі. Адразу ж пачалі з’яўляцца здымкі гарадоў, але на іх можна ўбачыць толькі краявіды. Людзей не бачна з-за таго, што фатаграфавалі тады на доўгай вытрымцы. Да нас фатаграфія прыйшла ў 60-х гг. ХІХ ст. Першую ілюстраваную паштоўку зрабілі ў Юрмале ў 1891-м годзе.
Паштоўкі эвалюцыянавалі. Спачатку на адным боку паштоўкі пісалі адрас, а на другім была выява і паведамленне. Выкарыстоўвалася толькі французская мова, бо гэта сусветная мова пошты. З часам выява пачала займаць усю старонку, а адрас і паведамленне пісалі на іншым баку. Пасля рэвалюцыі 1905 года надпісы пачалі рабіць і на нацыянальных мовах. Што датычыцца Гродна, тут часта ўжывалася польская і рэдка беларуская мовы.
“Часам будынкі дапамагаюць датаваць паштоўку, а часам паштоўкі — будынак, — кажа Віктар Кірэеў.
Першая выстава старых гарадзенскіх паштовак адбылася ў 1987 годзе ў Музеі атэізму і гісторыі рэлігіі, які тады быў “аплотам беларушчыны” дзякуючы мастаку Уладзіміру Кісламу, які там працаваў. Гэта была адна з першых падобных выстаў у СССР.
Паштоўкі маглі размалёўваць, з чаго часам вынікалі сур’ёзныя памылкі. Напрыклад, на адной паштоўцы можна ўбачыць, як узыходзіць летняе сонца над сучаснай Савецкай вуліцай. Але ўлетку світанак наступае ў 4 гадзіны раніцы, а на паштоўцы паказана людная вуліцы. На іншай — замерзлы зімовы Нёман і летні гарадскі пейзаж.
На паштоўках можна ўбачыць галоўныя будынкі тых часоў — Фару, Ратушу, чыгуначны вакзал, які быў адным з самых старых у Беларусі. Захавалі паштоўкі выгляд сённяшняга парка Жылібера, віцінаў на судаходным Нёмане. На паштоўках можна ўбачыць адзін з першых гарадзенскіх аўтамабілей, якіх у нас было ў 1913 годзе чатыры. У тым жа годзе адбылося і першае дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам аўтамабіля.
Арганізатары сустрэчы — этнакрама “Цудоўня” — абяцаюцьі далей праводзіць адукацыйныя сустрэчы.