Вярхоўны суд «накінуў тэрмін» заснавальніку «Платформы» Міхаілу Жамчужнаму
Касацыя ў Вярхоўным судзе па справе Міхаіла Жамчужнага, заснавальніка «Платформы инновейшн» праходзіла 23 кастрычніка ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме — па прычыне наяўнасці нейкіх сакрэтных звестак у матэрыялах справы. Аднак прадстаўнік ВС раней паведаміла праваабаронцам пра верагодную магчымасць прысутнасці грамадскасці і СМІ на абвяшчэнні рэзалютыўнай частцы судовага рашэння.
фота vitebskspring.org
Праваабаронца Таццяна Равяка прысутнічала на абвяшчэнні рэзалютыўнай частцы судовага рашэння па выніках разгляду касацыйнай скаргі Жамчужнага, перадае сайт spring96.org.
Паводле інфармацыі праваабаронцы, старшыня суддзя Міхаіл Кашко, зачытваючы рэзалютыўную частку, назваў павялічаны на паўгода тэрмін зняволення для Міхаіла Жамчужнага — 6 гадоў і 6 месяцаў (пракурор патрабаваў 7 гадоў, суд першай інстанцыі прысудзіў Жамчужнага да 6-ці гадоў) зняволення, але не назваў матывацыю, паведаміўшы, што асуджанаму будзе накіравана пісьмовае вызначэнне суда.
«Міхаіл Жамчужны быў у клетцы, яго ахоўвалі чатыры супрацоўнікі міліцыі. Я зразумела, што ён мяне пазнаў, паколькі павітаўся. Сам выглядае бадзёрым, падцягнутым. Калі мы ў зале чакалі суддзю, ён сказаў, што і ў далейшым будзе займацца абаронай правоў зняволеных», — распавяла Таццяна Равяка.
Таксама яна адзначыла, што суддзя нагадаў асуджанаму аб праве на спатканне з блізкімі сваякамі, на што Міхаіл Жамчужны адказаў, што не мае такіх, і папрасіў спатканне з блізкім сябрам. Суддзя адказаў, што гэта не прадугледжана законам.
Што тычыцца сутнасці сённяшняга судовага паседжання, то па словах Таццяны Равякі, яно нічога не высветліла. «Мы па-ранейшаму спадзяемся, што зможам атрымаць інфармацыю па сутнасці справы Міхаіла Жамчужнага, каб высветліць, ці ўяўляе інфармацыя, якую ён спрабаваў здабыць, грамадскі інтарэс і ці датычыцца яна абароны правоў зняволеных», — патлумачыла яна.
У бліжэйшы час праваабаронцы маюць намер адправіць у Вярхоўны суд запыт на інфармацыю па справе Міхаіла Жамчужнага, паколькі прысуд яму ўступіў у законную сілу.
Нагадаем, Міхаіл Жамчужны 10 ліпеня бягучага года быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў калоніі строгага рэжыму. Ён быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: наўмыснае раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую таямніцу; а таксама дача хабару.
З-за закрытасці судовага працэсу праваабаронцы не маюць дастатковай інфармацыі, каб даць ацэнку гэтай крымінальнай справе. Аднак грамадскія актывісты заклікаюць лічыць Жамчужнага вязнем сумлення.