Вяртанне талоннай сістэмы?

Работнікаў Лунінецкага райпо абавязалі рабіць пакупкі толькі ў сваіх крамах. Для гэтага ім выдадзены "сертыфікаты" — зялёныя аркушыкі з пячаткай райпо, прызначаныя для разліку ў крамах сваёй гандлёвай сеткі.

Такія «сертыфікаты» выдаюць работнікам Лунінецкага райпо

Такія «сертыфікаты» выдаюць работнікам Лунінецкага райпо


Аб падобным «ноу-хаў» у рэдакцыю выдання media-polesye.by паведамілі чытачы і даслалі фатаграфію тых самых «сертыфікатаў».
Па словах тых, хто звярнуўся, суму пакупак утрымаюць з заробку.
З выгляду «сертыфікат» — звычайны аркуш А4 зялёнага колеру, разрэзаны на некалькі частак. На ім пазначаны назва арганізацыі — Лунінецкае райпо, нумар дакумента (яго на фота прыкрылі ў мэтах прыватнасці) і сума.
На «сертыфікаце» напісана: «Сертыфікат прад'яўляецца як сродак аплаты работнікам сістэмы ў прадпрыемствах рознічнага гандлю Лунінецкага райпо». На лістку стаіць фірмовая пячаткаспажывецкага таварыства, адзначаны тэрмін дзеяння.
Абураныя чытачы распавялі, што атрымалі такія «сертыфікаты» нядаўна, і атаварыць іх трэба па 30 верасня ўключна. Гэта значыць, купіць у крамах райпо на працягу практычна дзесяці дзён тавараў на 50, 70 або 100 рублёў, у залежнасці ад сумы атрыманых сертыфікатаў.
Калі ва ўладальніка такога «сертыфіката» сума пакупкі менш, рэшту ў краме ніхто не верне.
Чаму работнікі райпо не маюць права траціць свае грошы там, дзе ім зручна, не ўдакладняецца. Як і тое, чаму рэшта — частка заробленых грошай — павінна заставацца ў краме.
«Падобная схема нагадвае Савецкі Саюз з праславутай талонай сістэмай», — адзначаюць чытачы.
На думку чытачоў, такія меры райпо прадпрымае, каб утрымаць пакупніка пры большай канкурэнцыі — неўзабаве ў горадзе запрацуе буйны магазін гандлёвай сеткі «Еўраопт».