Вольга Лойка і яшчэ двое палітвязняў па «справе TUT.BY» выйшлі на волю
Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі. Ён дадаў, што абвінавачанні з вызваленых не знятыя, ім проста змянілі меру стрымання.
На волю пасля амаль 10 месяцаў у СІЗА выйшлі трое супрацоўнікаў ліквідаванага партала TUT.BY — рэдактарка Вольга Лойка, намеснік дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка і менеджар Андрэй Аўдзееў. Яны застаюцца падазраванымі па крымінальнай справе, але ім змянілі меру стрымання.
Вольгу Лойка разам з калегамі з навінавага партала затрымалі 18 мая 2021 года. Першапачаткова паведамлялася, што супрацоўнікаў медыя затрымалі ў рамках крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Аднак у кастрычніку 2021 года ў СК заявілі, што «ў дачыненні да службовых асоб і супрацоўнікоў "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" і іншых асоб распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзейсненае групай асоб") Крымінальнага кодэкса Беларусі».
13 студзеня стала вядома, што ўдаве заснавальніка праекта Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай змянілі меру стрыманьня і вызвалілі з-пад хатняга арышту.
11 сакавіка пасля змены меры стрымання з СІЗА № 1 Мінска выйшлі былыя намесніца галоўнага бухгалтара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Марыя Новік, намесніца генеральнага дырэктара па агульных пытаннях Ірына Рыбалка і галоўная бухгалтарка Анжэла Асад.
Пасля сённяшняга вызвалення яшчэ траіх супрацоўнікаў за кратамі застаюцца яшчэ 8 падазраваных па справе — на чале з галоўнай рэдактаркай Марынай Золатавай..