Вольга Юзапчук, дзяўчына, якую знайшлі іншыя, цяпер шукае сябе
Яе восем дзён шукалі ў Маладзечне, Чысці, Красным, Мінску. Знайшлі за 250 кіламетраў ад дому, у Гродне.
Вольга Юзапчук (справа) вольны час бавіць з сябрамі. На здымку яна з сяброўкай Аленай Цюлькінай. Фота з сайта vk.com.
Вольга знайшлася жывая і здаровая. Вярнулася дадому. Першае, што папрасіла ў машыне “хуткай дапамогі”, — гэта паесці.
— Яна цэлы тыдзень не магла наесціся і выспацца, — кажа маці Вольгі Ясенія.
Але пасля ў сям’і пачаліся іншыя непрыемнасці.
Як кажа Ясенія, ёй пачалі тэлефанаваць знаёмыя і цікавіцца, ці знайшлася Вольга.
— Калі чулі ў адказ, што знайшлася жывая і здаровая, пыталіся: “І што, ніхто нават не пабіў яе?” І гублялі цікавасць да размовы.
Вольга Юзапчук сёлета заканчвае гандлёва-эканамічны каледж. Цяпер у яе павінна быць практыка, але дырэктар магазіна ў Чысці адмовіў Вользе ў праходжанні практыкі.
Той жа самы адказ атрымала Вольга і ў райспажыўтаварыстве.
— Я сама не хадзіла ні да дырэктара магазіна, ні ў райспажыўтаварыства. Хадзіла мама. І ёй пра мяне казалі, што не возьмуць на практыку, таму што я непуцёвая, — кажа Вольга.
— Магазіны не абавязаныя браць на практыку нашых навучэнцаў, — адказвае дырэктар гандлёва-эканамічнага каледжа Алег Чараповіч. — Але я ўпершыню чую, што адмовілі нашай навучэнцы. Да мяне яна не звярталася. І ў нас такога не было, каб мы не забяспечылі кагосьці практыкай.
Сябар: “Я заўсёды яе падтрымаю”
Сябар Вольгі, Аляксей, прызнаецца, што пасля Волінага ўчынку ніяк не змяніў да яе сваіх адносін:
— Ды я бачу, што ў яе асяроддзі да Вольгі адносіны не памяняліся. Толькі часам заўважаю, што незнаёмыя людзі праводзяць Вольгу позіркам. А сябры, аднагрупнікі, вядома, лічаць яе сяброўкай.
Аляксей, апісваючы Вольгу, сказаў, што яна добрая, вясёлая, шчырая.
— Толькі часта думае не галавой, а іншым месцам. Ну як можна было, маючы 20 тысяч у кішэні, з’ехаць за 300 кіламетраў? Але памыляюцца ж многія. Ёй і да гэтага казаў: “Воля, вучыся, старайся”. І на заняткі яе ўвесь час ганяю. Яна ківае, так, трэба вучыцца, але робіць чамусьці наадварот. Я заўсёды яе падтрымаю. Думаю, яна выправіцца, стане дарослай.
“Хачу шукаць людзей”
Між тым, Цімафей Дуброўскі, каардынатар пошукаў Вольгі, кажа, што на гэтым яго работа не заканчваецца.
— Мы спрацавалі аператыўна і тактычна правільна, але гэта не ўся наша работа.
Цімафей паўтарыўся, што распачаў працу над праграмай падтрымкі людзей, чые сваякі зніклі або знікалі без вестак.
— Таму першае, што мы прапанавалі Вользе, гэта далучыцца да гэтай справы — дапамагаць шукаць зніклых людзей або размаўляць з людзьмі, якія знайшліся.
Калі мы задалі пытанне Вользе, што думае пра гэта яна, дзяўчына сказала:
— Калі раней мяне пыталіся, чым я хачу займацца ў жыцці, я не ведала. І толькі цяпер пераканалася, што хачу дапамагаць людзям.
І калі ў мяне ёсць такая магчымасць, я з задавальненнем буду дапамагаць, чым змагу.
Мяне не пужае тое, што давядзецца не спаць начамі і шукаць людзей нават у небяспечных месцах. І ў сваю чаргу хачу падзякаваць усім людзям, хто шукаў мяне. І папрасіць прабачэння за бяссонныя ночы як у блізкіх людзей, так і ў тых, хто проста не застаўся ўбаку.