З Беларусі забаранілі вывозіць медыцынскі кісларод

А цэны на яго будзе дыктаваць Міністэрства аховы здароўя, піша «Салідарнась».

Фота www.mazyr.by

Фота www.mazyr.by

Як паведамляецца, забарона будзе дзейнічаць на працягу шасці месяцаў і распаўсюджваецца ў тым ліку на краіны ЕАЭС. Выключэнне можа быць зроблена толькі для гуманітарных паставак, транзіту і паставак у якасці харчоў.

Акрамя таго, прынята рашэнне аб замарозцы цэны на медыцынскі кісларод. Цяпер вызначаць яе будзе Міністэрства аховы здароўя.

Нагадаем, нядаўна паведамлялася, што кісларод у беларускія бальніцы пачалі пастаўляць Узброеныя сілы — яго прывозяць з авіябаз ВПС і войскаў супрацьпаветранай абароны, дзе ёсць неабходнае абсталяванне. Акрамя таго, выпускаць медыцынскі кісларод для раённых бальніц пачалі на «Нафтане» і «Паліміры», частку магутнасцяў для аналагічнай вытворчасці вылучылі «Светлагорск Хімвалакно» і «Гродна Азот».

Пры гэтым у Беларусі афіцыйна адменены абавязковы масачны рэжым, а міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сцвярджае, што «аналіз захворвання выклікае асцярожны аптымізм».