З верасня да мая Польшча выдала звыш 10 тысяч візаў беларускім праграмістам і іх сем’ям
Прадстаўнікі IT-сектара працягваюць з'язджаць за мяжу. Часам рэлакуюцца нават цэлымі фірмамі.
«125-ці фірмам Польскае агенцтва інвестыцыяў і гандлю дапамагло ў рэлакацыі. Іхны патэнцыял — гэта 1700 працаўнікоў, а таксама 60 мільёнаў еўра вырабленых прадуктаў. Польскае агенцтва інвестыцыі і гандлю на гэты момант дапамагае яшчэ больш як 40-ка фірмам з праектамі на суму 60 мільёнаў еўраў», — цытуе «Белсат» дырэктарку цэнтру «Govtech Polska».
Праграму дапамогі ў рэлакацыі «Poland Business Harbour»
польскі ўрад запусціў у верасні. Паводле яе праграмісты могуць бясплатна
атрымаць візу і магчымасць знайсці працу, не звяртаючыся па дазвол. Паводле
парталу dev.by, са жніўня з Беларусі з’ехалі больш за 10 тысяч праграмістаў.
Палова абрала Польшчу. Папулярнымі кірункамі сталіся таксама Украіна і Літва.
«Кампаніі вельмі моцна дапамагаюць людзям тут асвоіцца:
наймаюць нейкіх кансультантаў, дапамагаюць з афармленнем дакументаў, атрыманнем
дазволу на жыхарства. Найбольшую ролю адыгрывае беларуская супольнасць тут,
прасцей за ўсё атрымаць інфармацыю пра дзіцячыя садкі ды школы», — лічыць
Сяргей, праграміст, які пераехаў у Польшчу.
ІТ-адмыслоўцаў са шматгадовым досведам працы да ад’езду
падштурхнулі рэпрэсіі з боку ўладаў. Адкрыты ліст супраць фальсіфікацыі выбараў
у жніўні 2020-га падпісалі дзве з паловаю тысячы менеджараў, інвестараў і
распрацоўнікаў. Сілавікі ўчынілі ператрусы ў офісах «Яндекс» і Google ды
распачалі крымінальную справу супраць кіраўнікоў кампаніі «PandaDoc», а ў
траўні гэтага году заблакавалі найбуйнейшы партал навінаў TUT.by.
Летась праз экспарт камп’ютарных паслугаў Беларусь зарабіла
2,5 мільярды долараў — больш, чым з экспарту малака, і толькі на траціну менш,
чым ад продажу нафтапрадуктаў і калію. Амаль палову сваіх прадуктаў беларускія
ІТ-адмыслоўцы прадаюць у адную краіну — ЗША.
ІТ-сектар — гэта аазіс развіцця ў стагнацыйнай эканоміцы Беларусі. Летась яго прадукцыя вырасла на 7 працэнтаў. «Інфармацыя і сувязь» сталася трэцім сектарам паводле ўнёску ў ВУП пасля прамысловасці і гандлю ды абагнала сельскую гаспадарку. За 10 гадоў колькасць адмыслоўцаў у ІТ-сферы павялічылася амаль удвая і дасягнула 134 тысяч асобаў.
«Калі гэтыя людзі з’язджаюць, то яны робяцца не працаўнікамі беларускай ІТ-кампаніі, а працаўнікамі заходняй фірмы або наўпрост вольнанаёмнымі. Калі ў мінулыя гады сектар рос хутка, то цяпер гэты рост станецца больш павольным або спыніцца», — лічыць Алег, праграміст, які пераехаў у Польшчу.
«Кадравыя страты папоўняцца маладымі праграмістамі, але сектар адкоціцца на 10 гадоў назад», — прагназуе наш другі суразмоўца Сяргей. Заходнія партнёры будуць успрымаць Беларусь толькі як рэзервуар працоўных рук. Яны не захочуць звязваць шматгадовыя праекты з фірмаю рызыкоўнай краіны. Пазітыўны досвед рэлакацыі беларускіх ІТ-адмыслоўцаў Варшава плануе выкарыстоўваць і для таго, каб прыцягнуць фірмы з іншае сферы.