З-за разбітага шкла ў будынку пракуратуры Баранавічаў праходзяць вобшукі ў анархістаў
У Баранавічах праз разбітае вакно ў будынку пракуратуры да шэрагу актывістаў анархісцкага руху прыйшлі з ператрусамі.

Раніцай 13 кастрычніка стала вядома, што ў будынку пракуратуры г. Баранавічы невядомыя пашкодзілі вакно.
«Па дадзеных следства, позна вечарам 12 кастрычніка невядомыя асобы закінулі слоік з вадкасцю і рыззём у акно будынка Баранавіцкай міжраённай пракуратуры. У выніку супрацьпраўных дзеянняў было пашкоджана шкло вакна, — адзначалася ў паведамленні прэс-службы Следчага камітэта.
Па гэтаму факту была ўзбуджаная крымінальная справа.
Увечары 13 кастрычніка тры машыны міліцэйскага спецтранспарту з супрацоўнікамі АМАП прыехала на сустрэчу жыхароў раёна Бараўкі, даныя ўсіх прысутных перапісалі, двух чалавек адвезлі ў ГАУС.
А ўжо раніцай 14 кастрычніка мінімум у двух актывістаў анархісцкага руху прайшлі вобшукі па месцы прапіскі.
Ператрусы адбываліся ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – "Асабліва злоснае хуліганства".
У Яўгена Жураўскага канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара, каробку з брашурамі, пашпарт, тры дыска, дзве флэшкі і нават гадзіннік.

Пералік канфіскаванага падчас вобшуку ў Яўгена Жураўскага
Яўген Жураўскі адбываў 15 сутак арышту пасля падзей 9 жніўня за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
У другога хлопца канфіскавала тэлефон, ноутбук, флэшку. Саміх актывістаў падчас вобшуку не было. У якасці каго яны праходзяць па гэтай справе — дакладна невядома.
Акрамя таго, міліцыя расшуквала і Паўла Піпко, які толькі 12 кастрычніка вызваліўся пасля 12-суткавага арышту.
Міліцыянеры спрабавалі патрапіць у кватэру яшчэ аднага актывіста, які ўжо больш за месяц працуе ў іншай краіне.