За лоўлю пакемонаў у Беларусі могуць затрымаць

У Беларусі, як і амаль па ўсім свеце (акрамя Паўночнай і Паўднёвай Карэі), людзі гуляюць у новую гульню з элементамі дапоўненай рэальнасці Pokemon GO. Хоць яна яшчэ афіцыйна не выйшла ў Беларусі, яе можна неафіцыйна ўсталяваць на Android, а на iOS — спампаваць з App Store, завёўшы амерыканскі Apple ID.

І пакемоны ў Беларусі ловяцца дзе заўгодна: у храмах, на могілках, будоўлях, ля будынкаў КДБ і адміністрацыі Лукашэнкі... Пры гэтым гульня прапануе карыстацца камерай смартфона: выявы віртуальных пакемонаў у працэсе гульні накладаюцца на рэальную выяву, якую здымае камера.

53a7a2e4_6007_43cc_a63e_46460b653687_w610_r0_s.jpg


Некаторыя месцы ў Беларусі забаронена фатаграфаваць. Дакладней, міліцыя не раз спасылалася на спіс забароненых для здымак абʼектаў, але гэты спіс нікому ніколі не паказвалі.
Ці стануць затрымліваць і штрафаваць лаўцоў пакемонаў пад «прэзідэнцыяй» (так сама гульня называе рэзідэнцыю Лукашэнкі на Карла Маркса, 38) і КДБ? Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі кажа:
«Пытаньне такое... дастаткова складанае. Мне цяжка сказаць, як будзе трактавацца дадзенае дзеянне. Я б не стаў, дапусцім, у мэтах асабістай бяспекі ў тым ліку. Не стаў бы на тэлефон здымаць гэтыя будынкі. Але мне цяжка сказаць».
Атрымаць спіс забароненых абʼектаў і даведацца, якая вызначаная адказнасць за іх фатаграфаванне, журналістам не ўдалося. А прававы акт, які тычыцца правоў грамадзянаў, павінен быць афіцыйна апублікаваны і занесены ў рэестр.
Зрэшты, чыста тэхнічна гульня ў Pokemon GO — не фатаграфаванне, выявы не захоўваюцца ў памяці аўтаматычна. Тым не менш, калі ўявіць, што выкарыстанне камеры падчас гульні ў «пакемонаў» прыраўняюць да фатаграфавання, то можна атрымаць наступны спіс.

Дзе нельга лавіць пакемонаў (забарона зафіксаваная ў законах і пастановах):


— У месцах, куды доступ звычайным грамадзянам абмежаваны альбо забаронены з прычын аховы дзяржаўнай таямніцы.
— На вайсковых і рэжымных абʼектах.
— На борце самалёта і на фоне самалётаў у аэрапорце.
— У час праходжання памежнага кантролю.
— У судах падчас працэсу без дазволу суду.
— У папраўчых установах без дазволу адміністрацыі.
— У бібліятэках і музеях без дазволу адміністрацыі.
— У казіно і залях гульнявых аўтаматаў без дазволаў ад арганізатараў і ўдзельнікаў гульняў.
— У метро, на магістральных трубаправодах і іншых рэжымных абʼектах.
— У амбасадах.

Некаторыя месцы ў Менску, дзе лаўцам пакемонаў даюцца бонусы

Некаторыя месцы ў Менску, дзе лаўцам пакемонаў даюцца бонусы


Дзе лепей не лавіць пакемонаў (забароны не зафіксаваныя, але гучаць у вуснай форме):


— Унутры і каля адміністрацыйных будынкаў, міністэрстваў, рэзідэнцыяў Лукашэнкі, Акадэміі навук, Дому ўраду, КДБ.
— На фоне міліцыянтаў і супрацоўнікаў спецслужбаў пры выкананьні службовых абавязкаў.
— На вакзалах і аэрапортах у месцах, адкрытых для вольнага наведваньня.
— У кінатэатрах падчас трансляцыі фільма.
— У цэрквах, касцёлах і іншых рэлігійных абʼектах.


Што за гэта будзе?


Гэта невядома. Звычайна, калі міліцыя спасылаецца на забарону фатаграфавання, то просіць выдаліць здымкі. Але бывалі выпадкі, калі беларусаў затрымлівалі за фота, трымалі ў аддзяленьні і праз пэўны час адпускалі.
Могуць існаваць і штрафы за фатаграфаваньне забароненых абʼектаў, але яны пакуль не ўжываліся. Затое існуе адказнасць за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі.
Не раз бывалі выпадкі, калі грамадзяне сцвярджалі, што ім прыпісвалі нецэнзурную лаянку і дробнае хуліганства, калі нібыта не маглі аштрафаваць за нешта іншае.

Недзе лавіць пакемонаў не забаронена, але заўсёды трэба быць пільным: ці не ловіце вы пакемонаў пасярод дарогі альбо на будоўлі

Недзе лавіць пакемонаў не забаронена, але заўсёды трэба быць пільным: ці не ловіце вы пакемонаў пасярод дарогі альбо на будоўлі


Дзе можна лавіць пакемонаў (забароны абвяшчаюцца, але яны незаконныя):


— У крамах і гандлёвых цэнтрах.
— У барах, клюбах, рэстарацыях.
— У банках.
— У ЗАГСах.
— Ва ўстановах аховы здароўя.
— На стадыёнах.
— На фоне іншых людзей у грамадзкіх месцах (калі толькі пад выглядам гульні ў пакемонаў вы не захоўваеце фота, якія раскрываюць асабістую і сямейную таямніцу).
Але нават у дазволеных месцах варта не забываць пра асабістую бяспеку: віртуальныя пакемоны могуць завесці гульца на рэальныя аўтамабільныя дарогі, чыгуначныя каляіны, будоўлі, у адчыненыя люкі, у вадаёмы або ў крымінальныя раёны.


Як адключыць камеру ў Pokemon GO


Падчас лоўлі пакемонаў ці баёў за арэны ў правым верхнім куце экрана з'яўляецца пераключальнік «AR». У гульні гэта не тлумачыцца, але пераключальнік выключае камэру і пераключае працэс гульні ў віртуальны рэжым (AR — Augmented reality, дапоўненая рэальнасць). Таму, калі вы хочаце злавіць пакемона побач з КДБ, адключайце рэжым AR — пакемон нікуды не ўцячэ, а гульня не будзе патрабаваць выкарыстаньня камеры.
Паводле svaboda.org