За надпіс «БЧБ жыве!» 19-гадовую студэнтку адлічылі з віцебскага ВНУ і судзілі. Стаў вядомы прысуд (абноўлена)
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 27 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») у дачыненні былой студэнткі віцебскага «худграфу» Юліі Алейнік. Яе абвінавачваюць у тым, што на бетоннай трубе яна напісала 7 літар: «БЧБ жыве». Дзяўчыну ўжо адлічылі з універсітэту, паведамляе «Віцебская вясна».
Справу Юліі Алейнік разглядае суддзя Сняжана Кіндзеева.
Пра тое, што яна ўжо не студэнтка, Юлія Алейнік паведаміла
на самым пачатку судовага пасяджэння. Паводле дзяўчыны, напісаць заяву з
просьбай аб адлічэнні яе прымусіла адміністрацыя навучальнай установы. Юлію
адлічылі з трэцяга курсу мастацка-графічнага факультэту ВДУ імя Машэрава.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, раніцай 30 траўня
2021 года дзяўчына зрабіла пры дапамозе аэразольнага балончыка з фарбай
залацістага колеру надпіс «БЧБ жыве» на каналізацыйным калектары, размешчаным
на «эстакадным пераходзе» паміж вуліцай Праўды і праспектам Фрунзе над ручаём
Дунай.
Сваімі дзеяннямі, на думку пракурора Лазарэнкі, дзяўчына
«знізіла эстэтычныя характарыстыкі гэтай маёмасці, што пацягнула неабходнасць
ліквідавання названых надпісаў шляхам зафарбоўвання».
У якасці сведкі на працэсе выступіла юрысконсульт
прадпрыемства «Віцебскводаканал», якому належыць калектар, Наталля Ганчарова.
Яна паведаміла, што прычыненая прадпрыемству шкода складае 28 рублёў 17 капеек.
Грошы пайшлі на паліва для аўтамабіля і на заробак маляру, а таксама — на
набыццё 6 кілаграмаў акрылавай фарбы.
Адвакат абвінавачанай выказаў сумненні, што на зафарбоўванне
невялікага ўчастку трубы магло пайсці аж 6 кг фарбы. Паводле ягоных дадзеных,
гэтага б хапіла, каб зафарбаваць 24 квадратных метра паверхні. Надпіс жа займаў
менш за 1 метр. Адвакат заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд маляра, які
зафарбоўваў надпіс. На думку абаронцы, прычыненая шкода нашмат завышаная.
Суддзя паабяцала «падумаць» аб хадайніцтве і абвесціла
перапынак да 28 верасня.
Юлія Алейнік цалкам прызнала сваю віну. Ад 6-га па 8-га ліпеня яна знаходзілася ў віцебскім ізалятары па гэтай справе. Апроч таго, у жніўні 2020 году, яе затрымлівалі ў Вушачах за распаўсюд улётак з надпісам «Несумленныя выбары». Тады дзяўчыну аштрафавалі. Цяпер ёй пагражае арышт да 3 месяцаў.
Як вынікае з характарыстыкі, дасланай у суд, Юлія Алейнік вучылася вельмі добра, мела выдатныя адзнакі на іспытах. Пасля выключэння з ВНУ дзяўчыну выселілі з інтэрнату.
UPD. Суд вынес прысуд: прызнаць вінаватай і пакараць штрафам у памеры 90 базавых велічынь (2610 рублёў).