За суткі ў краіне 754 новыя выпадкі COVID-19, дзесяць смярцей
За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 754 пацыенты з COVID-19, выпісаны 761 пацыент, піша Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 337 635 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 327 848 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, паведамляе TUT.BY.
За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 2373 пацыенты з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй. Дзесяць — за апошнія суткі.
У актыўнай фазе COVID-19 — 7414 пацыентаў.
За мінулыя суткі выканана 7705 тэстаў (каля 9,8% станоўчыя). Усяго ў краіне праведзена 5 570 822 тэсты.
Спецыялісты ў рэгіёнах і Мінску канстатуюць рост захворвання інфекцыяй COVID-19, у тым ліку пнеўманіямі каронавіруснай этыялогіі цяжкай плыні, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Паводле даных эпідэміялагічнага сачэння, частата выяўлення РНК віруса SARS-CoV-2 (ПЦР) у доследных узорах за 14 каляндарных тыдняў 2021 года склала 11,9%.