Забойца Пішчэўскага выйшаў на волю

Амаль тры гады таму каля менскай кавярні «Андэрволд» у выніку канфлікту атрымаў смяротную траўму Міхаіл Пішчэўскі — яго ўдарыў былы настаўнік фізкультуры Зміцер Лукашэвіч.

551930aa_30af_409f_bfa0_a0a63419839b_cx4_cy0_cw96_w1023_r1_s.jpg


Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі збіраліся на вечарыну, каб абражаць людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі крыўднымі словамі.
Гэтак высветліў першы суд над Лукашэвічам, які праходзіў, калі Пішчэўскі яшчэ ляжаў у коме. Што той пачуў ад Лукашэвіча крыўднае слова, што перапытаў «хто тут п....ры?» і адразу ж атрымаў кулаком у скронь. Далей для Пішчэўскага былі ўдар галавой аб асфальт, непрытомнасць, аперацыя, кома з пробліскамі прытомнасці, пакуты і смерць у кастрычніку 2015 году. А для Лукашэвіча (які збег, але потым вярнуўся на месца злачынства) — следства пад вартай, першы і другі суд, прысуд у 2 гады калёніі, датэрміновае вызваленне па амністыі і зноў суд, які нанясенне цяжкай траўмы перакваліфікаваў у забойства па неасцярожнасці ды прысудзіў злачынцу ўжо 3 гады зняволення. Пры гэтым суд так і не прызнаў у дзеяньнях Дзмітрыя Лукашэвіча варожасці паводле гамафобіі, чаго дамагалася адвакатка.
Трэці суд па справе гея Міхаіла Пішчэўскага адбыўся ў ліпені 2016 году. Паводле падлікаў прэсы, на волю прызнаны ў забойстве Дзьмітры Лукашэвіч павінен быў выйсці ў канцы лета 2017-га. Аказалася, Лукашэвіч ужо 5 месяцаў як выйшаў датэрмінова.
«Ды ён ужо на волі са студзеня. Сказала судовая выканаўца, што дагэтуль нідзе не працуе, таму грошай ад яго мы не атрымліваем. Як сядзеў пасля суду спачатку ў СІЗА, а потым трапіў у калёнію, дык за гэты час судовыя выканаўцы змаглі з яго спагнаць толькі па 50 рублёў нам з братам ды 120 маці. Усяго 220. Гэта ўсё за 9 месяцаў. Маёмасці ў яго, сказалі, няма, браць няма чаго. Карацей, намякалі нам падчас суду, што нічога мы ад яго не атрымаем, гэтак і выходзіць», — сказала сястра нябожчыка Міхаіла Пішчэўскага Таццяна.
Суд прысудзіў спагнаць са Змітра Лукашэвіча ў якасці кампенсацыі за маральную шкоду 10 тысяч рублёў на карысць маці Міхаіла Пішчэўскага Валянціны Фёдараўны, і па 5 тысяч рублёў — ягоным брату Віталю і сястры Таццяне.
Пытаюся ў Тацяны: як склалася іхнае жыцьцё пасьля суду над забойцам брата?
«Ды неяк паціху нармалізуецца. Адплакалі, адгаравалі, крыху супакоіліся. Хаця на могілках бываем вельмі часта, але ўжо не так усё балюча, як было адразу. Толькі як успамінаем, што Міша пакутаваў, калі ляжаў у коме, дык вельмі дрэнна зноў. Усё абмяркоўвалі гэта, і падумалася, што лепш бы ён Мішу адразу забіў, чым гэтак прымусіў мучыцца. Разумею, што нельга гэтак казаць і думаць, але вось думаецца. А ў нас пакрыху лепш. Маці жыве са мной, на працу ўжо не пайшла. Дачка ў мяне падрастае, ужо 4 гады. Сама працую. Брат Віталік знайшоў іншую дзяўчыну, тая ж жонка яго кінула, як сядзеў з Мішам, дык ужо жаніцца збіраюцца. Можа, будзе ўсё зноў добра. Хаця бяз Мішы гэта ўжо ня тое. Мы яго заўсёды ўспамінаем і ніколі не забудзем».
17 траўня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй. Беларускія праваабаронцы кажуць, што ў краіне справы аб гамафобіі амаль не даходзяць да суду ці атрымліваюць зусім іншую кваліфікацыю.
«Ведаю толькі адзін выпадак, калі суд прызнаў, што злачынства ўчынілі з прычын гамафобіі. У лютым 2016 году Першамайскі суд Менску прызнаў, што на маладога чалавека напалі, збілі і абрабавалі яго менавіта таму, што ён гей. Але, на жаль, гэты матыў — гамафобія — не быў прызнаны ў справе аб забойстве Міхаіла Пішчэўскага», — кажа праваабаронца «Вясны» Тацяна Равяка.
Паводле svaboda.org