Загадана «далізаць»

«Мы да чэмпіянату свету гатовыя. Калі трэба будзе дзесьці далізаць, прывесці ў парадак нейкую вуліцу ці гасцініцу, я думаю, мы гэта зробім за месяц з поспехам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы справаздачу па гатоўнасці Мінску да Чэмпіянату свету. А што і каму, і дзе даліжа, гэта мы яшчэ пабачым.



hokeist.jpg

Даючы справаздачу «пра хакей», прэм'ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч лучыўся аптымізмам. Па ягоных словах, гатова ўсё. Беларусь не проста падрыхтавалася да правядзення чэмпіянату, але і пераплюнула ўсю планету ўзроўнем сваёй гатоўнасці да гэтага мерапрыемства. «Спартыўныя аб’екты «Мінск-Арэна» і «Чыжоўка-Арэна», паводле ацэнак экспертаў, з’яўляюцца аднымі з лепшых у Еўропе. Яны гатовыя да правядзення матчаў», — заявіў Мясніковіч.

Свой удзел у спаборніцтвах пацвердзілі ўсе 16 краін: Швецыя, Чэхія, Канада, Славакія, Нарвегія, Данія, Францыя, Італія, Фінляндыя, Расія, ЗША, Швейцарыя, Германія, Латвія, Казахстан і Беларусь. Па стане на 7 красавіка 2014 года, прададзена і забраніравана 354 тысячы квіткоў на «Мінск-Арэну» (75% ад умяшчальнасці) і 142 тысячы квіткоў на «Чыжоўка-Арэну» (67%). Замежным гасцям рэалізавана 70,5 тысячы квіткоў. Асноўная доля продажаў для замежных гасцей прыпадае на Расію і Латвію. На матчы папярэдняга этапу цэны складаюць ад 6 да 50 еўра, на матч фінальнай стадыі — ад 25 да 400 еўра.

Нумарны фонд гасцініц павялічаны больш чым у 2 разы. Усяго ў час чэмпіянату будуць функцыянаваць 43 гасцініцы на 9 тысяч 725 месцаў. «Да чэмпіянату планавалася ўвесці ў эксплуатацыю 14 гасцініц. 12 з іх уведзены па стане на 31 сакавіка. 4 — ужо паўнавартасна працуюць, астатнія даступныя для браніравання. Да 14 красавіка будзе ўведзена гасцініца «Рэнесанс» і да 29 красавіка — гасцініца «Пекін», — удакладніў прэм’ер. Таксама задзейнічаюць 5 інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы больш чым на 5 тысяч месцаў. У рэзерве — санаторыі і гасцініцы ў Мінскай вобласці на 2 100 месцаў.

У дадатак да 75 тысяч месцаў грамадскага харчавання адкрыюцца сезонныя кавярні больш чым на 20 тысяч пасадачных месцаў. Распрацаваныя нават адмысловыя меню ў даступным коштавым дыяпазоне. Мясніковіч, на жаль, не ўдакладніў, што такое «адмысловыя» меню і для каго даступны «коштавы дыяпазон». Прадугледжана стварэнне фан-зонаў каля «Мінск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны». Акрамя таго, будуць створаны тры зоны гасціннасці каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў, Мінскага лядовага палаца спорту на Прытыцкага і комплексу «Студэнцкая вёска». У гэтых зонах гасцям будзе прапанаваны «якасны адпачынак з арганізацыяй канцэртных праграм, дыскатэк і іншых мерапрыемстваў».

Дзякуй Міхаілу Уладзіміравічу за грунтоўны даклад. Асабліва за тое, што ён расказаў пра асноўны склад турыстаў — з Расіі, пра фан-зоны і пра зоны гасціннасці. Улічваючы, што мы ведаем паводзіны расійскіх турыстаў, зараз мы ведаем зоны, ад якіх падчас чэмпіянату трэба трымацца як мага далей і абыходзіць іх бокам.

Але прэм’ер змаўчаў пра тое, як будзе арганізаваны гандаль для турыстаў. У прыватнасці, ён нічога не сказаў пра тое, як будуць прадавацца спіртныя напоі і піва, без якога чэмпіянат, канешне, не абыходзіцца, пра рэжым працы дадатковых кавярняў і крамаў. Пэўна, «зоны гасціннасці» не будуць «вольнымі ад бухла», тым больш, што гэта расійскія турысты.

Зноў жа, не зразумела, што ўлады краіны, якая нават у выхадныя дні «адрубаецца» не пазней за 12 гадзінаў ночы, маюць намер рабіць з гуляючымі ўсю ноч напралёт заўзятарамі. Яны прыедуць не спаць, а адарвацца на поўную ў краіне, якая па ўсіх здагадках павінна быць вельмі даступнай для тых, хто прыехаў з Захаду, і тым больш для тых, хто прыехаў з Расіі.

Пра гэта паклапаціўся Аляксандр Лукашэнка. Ён запатрабаваў ад Савета бяспекі забяспечыць гэтую самую бяспеку падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Але, як сказаў Аляксандр Рыгоравіч, «пры гэтым мы павінны зрабіць так, каб гэтыя меры бяспекі былі ненадакучлівымі, не кідаліся ў вочы, не ціснулі на ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў, на журналістаў».

То бок, міліцыя будзе працаваць у нязвыклым для сябе «мяккім» рэжыме. Мяккім, зразумела, для замежнікаў, бо адначасова кіраўнік дзяржавы загадаў «не дапусціць правакацыяў». То бок, кожнага замежніка ў гэты час будуць «аблізваць», а ў кожным беларусу бачыць правакатара.

Адзінае, чаго не будзе падчас ЧМ па хакеі — халяўнага інтэрнэту. Аргкамітэту па правядзенні ЧС не атрымалася абыйсці патрабаванне ўказа аб абавязковай ідэнтыфікацыі кожнага інтэрнэт-карыстальніка і тым самым даць бясплатны wi-fi гасцям Беларусі. Неабходнасць папярэдняй аплаты і дрымучыя тэхналогіі зрабілі інтэрнэт недаступным для большасці заўзятараў, якія прыедуць у Беларусь. Гэта звядзе на нішто, па меншай меры ў першыя дні, многія з пералічаных Мясніковічам дасягненняў, як, напрыклад, грамадскае харчаванне з адмысловымі меню і развітая транспартная сетка.

«Мы проста абавязаны паказаць сябе ўсёй сусветнай супольнасці з лепшага боку. Я ўпэўнены, што мы зможам прадэманстраваць высокую ступень арганізацыі сусветнага хакейнага форуму, а таксама даказаць усім, што мы — сапраўды цывілізаваная дзяржава ў цэнтры Еўропы», — сказаў Лукашэнка. Без інтэрнэту даказаць нешта сусветнай супольнасці будзе складана.

Будзем спадзявацца, што за месяц усё «даліжуць», бо, канешне, настрой турыстам псуюць, як правіла, дробязі. Напрыклад, дагэтуль слаба працуючая сістэма аплаты праезду ў Мінску, — тыя самыя валідатары, якія працуюць «праз адзін». Шмат сказана пра вулічныя кавярні, але не сказана пра вулічныя прыбіральні, без якіх «зоны гасціннасці» ператворацца ў смярдзючыя балоты. Увогуле, пра працу камунальных службаў мы не даведаліся нічога…

Канешне, каб заўважыць хібы такога маштабнага мерапрыемства, трэба яго хоць раз правесці. Але не выключана, што пасля ЧМ па хакеі ў Мінску трэба будзе праводзіць яшчэ пару суботнікаў па навядзенні чысціні і парадку, — і далізваць, далізваць, далізваць…