Заканадаўчыя ініцыятывы ад “Гавары праўду!”

  Кампанія "Гавары праўду!" пачынае збор подпісаў пад трыма заканадаўчымі ініцыятывамі. Лідар кампаніі Уладзімір Някляеў заявіў, што ў цяперашніх палітычных умовах гэта адзін з нямногіх магчымых метадаў працы з народам, які дазваляе прайсці “ад дзвярэй да дзвярэй і загітаваць у свае шэрагі новых людзей.  

Кампанія "Гавары праўду!" пачынае збор подпісаў пад трыма заканадаўчымі ініцыятывамі. Лідар кампаніі Уладзімір Някляеў заявіў, што ў цяперашніх палітычных умовах гэта адзін з нямногіх магчымых метадаў працы з народам, які дазваляе прайсці “ад дзвярэй да дзвярэй і загітаваць у свае шэрагі новых людзей.

Заканадаўчыя ініцыятывы маюць умоўныя назвы. Першая — “Не дамо чыноўнікам красці. “Сёння чыноўніцтва мае права красці адпаведную квоту — от колькі дазволена найвышэйшай уладай у вобразе Лукашэнкі, столькі і мае права скрасці. Калі больш, то могуць пасадзіць, бо на ўсіх ёсць кампрамат. Мы хочам гэта права красці адмяніць, гэта значыць увесці закон аб празрыстасці прыбыткаў і расходаў чыноўніцтва, — гаворыць экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

Паводле задумы, усе чыноўнікі і члены іх сямей мусяць кожны год рабіць публічныя дэкларацыі сваіх прыбыткаў і расходаў, каб патлумачыць, за якія сродкі набылі машыны і дамы. “Усе грошы, якія ёсць у краіне, зарабляюцца народам, і справядлівасць патрабуе, каб у народа іх было не менш, чым у чыноўнікаў, — зазначае Някляеў.

Другая ініцыятыва завецца "Не дамо распрадаць краіну". Адпаведны законапраект мусіць перашкаджаць уладам бескантрольна прыватызаваць дзяржаўныя прадпрыемствы без удзелу народа. Гэта значыць, што прыватызацыя асноўных бюджэтаўтваральных вытворчасцяў павінна быць магчымая толькі пасля ўсенароднага абмеркавання.

Трэцяя ініцыятыва "Абаронім ад беднасці саміх сябе і нашых дзяцей" тычыцца кампенсацыі страт, выкліканых эканамічным крызісам. Уладзімір Някляеў заявіў, што кампенсацыі павінны быць гарантаваныя квотамі на ўласнасць і зямельнымі паямі. Зрэшты, гэтая ініцыятыва прадугледжвае прыняцце Закона аб зямлі. “Трэба гарантаваць абарону грамадзян Беларусі ад галечы. Гэта можна зрабіць тым шляхам, які прапаноўваў яшчэ Васіль Лявонаў, калі быў міністрам сельскай гаспадаркі, — прывязаць нашу любоў да Айчыны зямлёй нашай, даць тым, хто Беларусь любіць і ніколі не пакіне яе, адчуванне трываласці, таго, што ён стаіць на сваёй зямлі. Лявонаў прапаноўваў стварыць зямельны кадастр, вызначыць цану зямлі, і жадаючыя яе купіць хай купляюць, каму зямля не патрэбна — атрымаюць грашовую кампенсацыю, — патлумачыў лідар кампаніі “Гавары праўду!".

Плануецца сабраць па 50 тысяч подпісаў за кожны законапраект да 25 верасня. Таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў будуць прадстаўленыя адпаведныя праекты законаў. Някляеў зазначыў, што гэтая ініцыятыва будзе стартавай пляцоўкай, каб перайсці да больш сур’ёзных дзеянняў у рамках праграмы кампаніі на бліжэйшыя паўтара года пад назвай “Выратуем Беларусь.