Закон «Аб персанальных дадзеных»: публікацыю інфармацыі пра катэджы чыноўнікаў забароняць
У Палаце прадстаўнікоў разглядаюць праект усёабдымнага закона «Аб персанальных дадзеных». Падобныя дакументы існуюць у Еўрасаюзе, Расіі і шмат якіх іншых краінах. Пра гэта паведаміла Наша Ніва.
У адпаведнасці з законам грамадзянін будзе павінен даць пісьмовую ці электронную згоду на выкарыстанне яго персанальных дадзеных — уключна, напрыклад, з іменем, прозвішчам.
Закон стане заслонай для смс-рассылак і іншага кшталту надакучлівай рэкламы.
Аднак ён можа ўскладніць працу незалежных медыя і абмежаваць права грамадства на інфармацыю.
Напрыклад, журналісты запыталіся ў дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава пра сітуацыю з катэджамі чыноўнікаў — лукашэнкаўская наменклатура атрымала ў Мінску больш за сто ўчасткаў элітнай зямлі. Іпатаў мяркуе, што публікацыя інфармацыі пра такую нерухомасць будзе лічыцца разгалошваннем персанальных дадзеных.
Пакуль невядома, якая адказнасць будзе прадугледжана за такое «разгалошванне».