Замест грошай «дэкрэтніцам» з Наваполацка прапануюць звальняцца

«Дэкрэтным» маці з Наваполацка замест выплат на дзяцей прапануюць звальняцца. Гаворка ідзе пра супрацоўніц гандлёвай сеткі «Базіс», якая знаходзіцца на мяжы банкруцтва і не можа ў тэрмін разлічыцца са сваімі працаўніцамі, паведамляе Еўрарадыё.

kp.by

kp.by

4 верасня маладыя маці сустрэліся з кіраўніцтвам прадпрыемства. Ім паведамілі, што чакаць «дэкрэтых» выплат у бліжэйшы час не трэба.
Жанчынам прапанавалі шукаць іншую працу ці атрымліваць матэрыяльную дапамогу праз Фонд сацыяльнай абороны.
Дагэтуль «дэкрэтніцы» хаця і нерэгулярна, але атрымлівалі дапамогу на дзяцей са сродкаў «Базіса».
«Нам выразна далі зразумець, што атрымліваць грошы ў тэрмін мы не будзем, — распавядае Еўрарадыё Ганна, маладая жыхарка Наваполацка. — Сказалі, што тыя, каму “дэкрэта” засталося паўгода і менш, могуць застацца на прадпрыемстве. Але выплаты таксама будуць затрымліваць. А каму засталося больш часу, параілі пераводзіцца ці звальняцца».
Праўда, як уладкавацца на працу з малым дзіцёнкам на руках у невялікім горадзе, на прадпрыемстве не кажуць.
Атрымліваць дапамогу на дзіця з Фонда сацыяльнай абароны могуць толькі маці-адзіночкі. Да таго ж, на афармленне дакументаў патрэбны час, а затрымка па выплатах хутка складзе два месяцы, дадае Ганна.
Маладыя маці звярталіся са сваёй праблемай у Наваполацкі гарвыканкам і ў Віцебскі аблвыканкам, але дапамагчы ім не змаглі. У бліжэйшы час «дэкрэтніцы» маюць намер напісаць ліст да Аляксандра Лукашэнкі і асабіста прывезці гэты зварот у Мінск.
Еўрарадыё