Зарэгістравана арганізацыя, якая будзе дапамагаць моладзі ў працаўладкаванні

Зарэгістравана Інфармацыйна-практычная ўстанова "Офіс дапамогі і падтрымкі занятасці моладзі "ЮларКансалт" (Youth Labour Rights). Заснавальнікамі арганізацыі сталі Крысціна Рыхтэр і Дзмітрый Варнашоў.

26195603_2176775005669896_4510507765769191276_n.jpg


"Мы з Дзмітрыем ўжо тры гады займаемся кансультаваннем выпускнікоў у межах Праграмы "Размеркаванне", – адзначае Крысціна Рыхтэр, дырэктар Youth Labour Rights. – Рэгістрацыя ўстановы стала для нас важным крокам у пашырэнні сістэмнай працы над тэмамі працоўных правоў і працаўладкавання моладзі".
Мэтай арганізацыі Youth Labour Rights з'яўляецца садзейнічанне вырашэнню праблем у сферы працаўладкавання моладзі і абарона яе працоўных правоў.
"Працуючы з размеркаваннем выпускнікоў мы зразумелі, што маецца шэраг іншых праблем у сферы працаўладкавання моладзі. У першую чаргу гэта шматлікія парушэнні наймальнікамі працоўнага заканадаўства. І прычыны ў гэтага розныя. Галоўнай з іх нам бачыцца нізкі ўзровень інфармаванасці моладзі аб працоўным заканадаўстве, іх працоўных правахы. Часта мы сутыкаемся і з недахопам неабходных навыкаў для пошуку працы", – дзеліцца Дзмітрый Варнашоў.
"На сённяшні дзень у межах Youth Labour Rights ужо функцыянуе гарачая лінія і анлайн-кансультацыя па пытаннях размеркавання і працоўных правах моладзі. Таксама стала ідзе маніторынг парушэнняў правоў выпускнікоў пры размеркаванні. У бліжэйшы час мы хочам максімальна сканцэнтравацца на прававой асвеце ў сферы працоўнага і сумежнага заканадаўства. Гэтая праца будзе цесна звязаная з маніторынгам парушэнняў працоўных правоў моладзі. У нашы планы таксама ўваходзіць садзейнічанне развіццю ў маладых людзей навыкаў, неабходных для пошуку працы, прасоўванне пазітыўных змяненняў у заканадаўства аб працы, даследчая і аналітычная праца", – адзначыла Крысціна Рыхтэр.
Каманда Youth Labour Rights адкрыта для тых, каму цікава развівацца ў тэме працаўладкавання і працоўных правоў моладзі, а таксама для партнёрскіх адносінаў з іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, бізнесам і дзяржавай.
Старонкі Youth Labour Rights у сацыяльных сетках: УКантакце, Facebook, Instagram. 
Паводле прэс-рэлізу