Затрыманы на Дзень Волі падае скаргу на катаванні ў міліцыі

Жыхар Мінскага раёна Павел Лях з дапамогай праваабаронцаў рыхтуе скаргу ў МУС на дзеянні капітана міліцыі Віталя Мазнёва, які катаваў яго ў РУУС Першамайскага раёна Мінска пасля затрымання на Дзень Волі.

Фота: /ichkeriainfo.wordpress.com

Фота: /ichkeriainfo.wordpress.com

31-гадовы Павел Лях раней ніколі не браў удзел у акцыях пратэсту. Сам ён пастаяннай працы знайсці не можа, жыве толькі дзякуючы часовым падзаработкам. За «маршамі недармаедаў» у лютым-сакавіку ён сачыў па інтэрнэце, а на Дзень Волі вырашыў асабіста падтрымаць пратэстуючых.
25 сакавіка Павел апынуўся перад кардонам міліцыянтаў са шчытамі, якія перакрылі праспект Незалежнасці. Да Паўла падбеглі 5 амапаўцаў і закінулі у аўтазак.
«У аўтазаку я нікога не абражаў, я толькі пытаўся амапаўцаў: што вы робіце? За што вы б'яце свой народ? Мне сказалі, каб я затыкнуўся. Каб мяне супакоіць, адзін з амапаўцаў падышоў да мяне і нанёс некалькі удараў. Трапіў па печані — я захрыпеў», — распавядае ён.
Паўла прывезлі да Першамайскага РУУС, дзе на вуліцы затрыманыя стаялі на «расцяжцы».
«Мне таксама сказалі стаць тварам да сцяны — ногі шырэй, рукі далонямі ўверх. Але я адмовіўся. Кажу: што вы робіце? Мы ж звычайныя грамадзяне, а не злачынцы!».
Гэтым Павел моцна раззлаваў міліцыянтаў і яны павялі яго ў будынак РУУС у асобны кабінет.
«Там было некалькі міліцыянтаў — яны мяне дагледзелі, знялі рэмень і шнуркі. Адзін з міліцыянтаў падышоў, каб таксама абрэзаць шнурок на майцы. Я казаў, каб гэтага не рабілі, таму што тады майка проста страціць ўсялякі знешні выгляд. Але яны ўсё роўна адрэзалі гэты шнурок. Тады я проста ірвануў гэтую майку на сабе — забірайце, кажу. Капітану Мазнёву гэта вельмі не спадабалася. Ён закаваў мяне ў кайданкі, кінуў на падлогу, некалькі разоў ударыў, прыцягнуў мае ногі да кайданкі і паставіў у позу «ластаўкі». У такім выглядзе ён цягаў мяне па падлозе, таптаўся па спіне. Потым ён пайшоў паліць, пакінуўшы мяне ў позе «ластаўкі». Праз 15 хвілін ён вярнуўся, адшпіліў кайданкі, і мне падсунулі пратаколы, каб я іх падпісаў. Я моўчкі падпісаў, таму што разумеў, што калі буду абурацца, то мяне зноў кінуць на «ластаўку», — кажа ён.
Павел Лях яшчэ некалькі гадзін прастаяў тварам да сцяны ў будынку РУУС, пасля чаго яго павезлі на Акрэсціна.
Праз два дні, 27 сакавіка, Першамайскі суд арыштаваў Ляха на 11 сутак за парушэнне артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП РБ. Адным са сведкаў на судзе быў той самы капітан Мазнёў, які здзекваўся з яго ў РУУС.
Павел Лях мае турэмны вопыт — у свой час яго судзілі за разбой, вымагальніцтва і выкраданне чалавека. Але нават падчас крымінальнага пераследу ён ніколі не сутыкаўся з такім жорсткім стаўленнем да сябе:
«Гэта проста садызм. Па маладосці я быў судзімы, але нават калі я быў пакараны за крымінальнае злачынства, мяне ніхто так не прыніжаў, ніхто так не здзекаваўся».
У сваёй скарзе Павел Лях просіць праверыць дзеянні капітана міліцыі Віталя Мазнёва і ўзбудзіць супраць яго крымінальную справу па арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь (перавышэнне службовых паўнамоцтваў).
Паводле belaruspartisan.org