Збітага лідара «Маладога фронту» аштрафавалі на 1657 рублёў. Ягонага брата — на 510 рублёў

У судзе Мінскага раёну 4 лістапада праходзяць адміністрацыйныя працэсы адносна абаронцаў Курапатаў, у сувязі з бойкай, што адбылася ля рэстарацыі «Поедем поедим» днём раней, паведамляе «Свабода».

Суд над лідарам «Маладога фронту» Дзянісам Урбановічам, 4 лістапада

Суд над лідарам «Маладога фронту» Дзянісам Урбановічам, 4 лістапада

Першым судзілі Дзяніса Урбановіча — лідара «Маладога фронту». Актывіста прызналі вінаватым у непадпарадкаванні міліцыі і дробным хуліганстве (арт. 17.1 і 23.4 КаАП РБ), аштрафавалі на 1657 рублёў (65 базавых велічыняў).

Паводле суду, гэта ён учыніў бойку на ўваходзе ў рэстарацыю, крычаў і парушаў грамадскі парадак. Супраць яго сведчыла дырэктарка рэстарацыі Святлана Дубкова, ахоўнікі Мікалай Красоткін і Віктар Юневіч (абодва былыя міліцыянты).

Урбановіч не прызнаў віну. Паводле яго, бойку каля ўваходу ў рэстарацыю справакавалі ахоўнікі ўстановы. Урбановіч прасіў дапытаць у судзе супрацоўнікаў АМАП, якія фігуруюць у пратаколе на яго.

Дзеянні гэтых міліцыянтаў актывіст назваў «злачыннымі» і патлумачыў, што яны збівалі яго, «круцілі шыю» ў аўтамабілі, калі везлі з Курапатаў у пастарунак.

Паводле Урбановіча, яны былі не ў адмысловай форме. Суддзя Аляксей Кропачаў гэтае хадайніцтва не задаволіў.

 

Ахоўнікі рэстарацыі «Поедем поедим» у судзе

Ахоўнікі рэстарацыі «Поедем поедим» у судзе

У Дзяніса Урбановіча траўмаваны пазванок шыі, на шыі ў яго накладзены бінт, ён з цяжкасцю паварочвае галаву. Актывіст сказаў, што ў міліцыі адмовіліся прымаць у яго заяву на дзеянні АМАПу пры яго затрыманні.

Пасля Дзяніса Урбановіча суддзя Кропачаў разглядзеў справу брата актывіста, Максіма Урбановіча. Яму прызначаны штраф у 510 рублёў (20 базавых). Супраць актывіста сведчылі тыя ж сведкі, якіх апыталі на працэсе супраць ягонага брата: ахоўнікі і дырэктарка рэстарацыі, а таксама ўчастковы міліцыянт Аляксей Аўчыннікаў.

Таксама 4 лістапада маюць судзіць актывістаў Віталя Трыгубава і Валера Рабцава (на суд супраць апошняга выкліканыя тыя ж сведкі). Адміністрацыйны працэс супраць кандыдата ў дэпутаты Змітра Казакевіча, як ён сам думае, адбудзецца пазней у Маскоўскім раённым судзе.

 

Дзяніс Урбановіч у судзе

Дзяніс Урбановіч у судзе

***


3 лістапада, неўзабаве пасля мітынгу ў Курапатах, каля ўваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим», якая знаходзіцца побач з народным мемарыялам, адбылося сутыкненне пікетоўцаў з ахоўнікамі ўстановы. Выкліканы адміністрацыяй рэстарацыі нарад міліцыі затрымаў шасцярых актывістаў і даставіў іх у Бараўлянскае аддзяленне міліцыі. Актывісты кажуць, што пацярпелі ад ахоўнікаў і што іх таксама білі ў міліцэйскім аўтамабілі. Старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч з пастарунку быў адвезены ў бараўлянскі шпіталь, дзе яму аказалі медыцынскую дапамогу, а пасля зноў затрымалі. Тэлефоннай сувязі з ім пасля гэтага не было, да суду яны былі ў ізалятары часовага ўтрымання.