Зборная Беларусі па цяжкай атлетыцы адхіленая ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах

У суботу ў Бухарэсце адбыўся выканкам Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF), па выніках якога было вынесена аднагалоснае рашэнне адхіліць на год сяброўства ў Федэрацыі тых краінаў, дзе тры і больш спартоўцаў патрапіліся на парушэнні антыдопінгавых правілаў падчас пераправеркі допінг-пробаў з Алімпійскіх гульняў 2008 і 2012 гадоў.

94b1a18e_acf1_4ad7_a323_fb1738c1a1f8_cx21_cy0_cw67_w1023_r1_s.jpg


Былі адхіленыя фэдэрацыі Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Казахстану, Кітаю, Малдовы, Расіі, Турэччыны і Украіны.
Такім чынам, беларускія спартоўцы год не змогуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад эгідай IWF. Беларусь прапусціць чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы, які пройдзе з 28 лістапада па 5 снежня ў амерыканскім Анахайме.
Летась МАК абвясціў аб пазбаўленні ўзнагародаў двух беларускіх штангістаў, якія заваявалі медалі Алімпіяды-2008 у Пекіне. Пераправерка тэстаў васьмігадовай даўніны выявіла забароненыя рэчывы ў тэстах срэбнага прызёра Гульняў-2008 Андрэя Рыбакова і бронзавай медалісткі Анастасіі Новікавай.
Раней МАК пазбавіў Беларусь двух медалёў Алімпіяды-2012 — бронзавыя ўзнагароды павінны былі вярнуць штангісткі Марына Шкерманкова і Ірына Кулеша. У Кулешы станоўчым быў і допінг-тэст з Гульняў-2008, дзе яна заняла 4-е месца. Допінг быў знойдзены таксама ў тэстах штангістаў Дзіны Сазанавец і Яўгена Жарнасека.
Праз допінгавы скандал медалёў Алімпійскіх гульняў 2008 году пазбавіліся Аксана Мянькова (кіданне молата, «золата») і Наталля Міхневіч (штурханне ядра, «срэбра»).
У 2015 годзе на чэмпіянаце свету, які праходзіў у ЗША, тэсты правалілі бронзавая медалістка Алімпіяды-2008 і чэмпіёнка свету 2011 году Анастасія Новікава і Аляксандр Венскель, які ў 2010 годзе быў капітанам беларускай зборнай на I летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Сінгапуры, а ў 2015 годзе стаў бронзавым прызёрам ЧЭ-2015. І Новікава, і Венскель былі дыскваліфікаваныя на 4 гады.
Паводле «Радыё Свабода»