«Здрыгануўся ў чалавека палец не туды, і ён ужо больш не сведка стабільнасці»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра тое, як сведкі стабільнасці становяцца ворагамі стабільнасці. Таму што чым стабільнасць мацнейшая, тым больш у стабільнасці ворагаў. А чым больш у стабільнасці ворагаў, тым больш трэба старацца, каб гэтых ворагаў знайсці.
Вось усё-ткі Бог не Цімошка, бачыць трошкі. Памятаю, як месяц, а можа два таму ў Расіі гучна злараднічалі пра тое, як Еўропа цяпер без Расіі змерзне ў будучыя лютыя маразы. І ў Беларусі сведкі стабільнасці таксама трошкі злараднічалі. І мелі ж рацыю. І маразы лютыя, і многія сапраўды мерзнуць. Толькі чамусьці не ў Еўропе. А больш у Маскве і пад Масквой, у Санкт-Пецярбургу, Уладзіміры, Ніжнім Ноўгарадзе і Цюмені.
Але гэта так, маленькае лірычнае адступленне. А вось ці памятаеш ты, што тыдзень прыкладна таму чыноўніка са Жлобіна арыштавалі за злачынныя лайкі? Калі не памятаеш, то не важна. Важна, што арыштавалі і далі пятнаццаць сутак.
Дык учора высветліліся некаторыя пікантныя абставіны гэтай гісторыі. Аказваецца, злачынны лайк быў адзін. Аказваецца, былы ўжо начальнік Жлобінскага спорту і турызму — не вораг стабільнасці, а яе сумленны сведка. Аказваецца, за злачыннымі супольнасцямі ў Instagram ён сачыў не проста так, а ў адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі, каб не дапусціць апазіцыйнай дзейнасці з боку даручаных яму спартсменаў. А лайк паставіў выпадкова.
І пагадзіся, што гэта з кожным можа здарыцца. Але для некаторых здараецца з фатальнымі наступствамі. Вось здрыгануўся ў чалавека палец не туды, і ўсё. Ён ужо больш не сведка стабільнасці, а грамадзянін сумнеўнай палітычнай арыентацыі. А ў сведкі стабільнасці зваротнага ходу няма. Гэта ж табе не хабар браць. Пытанне палітычнае. Разумець трэба.
Таму што сёй-той нядаўна сказаў, што гэты год у яго зноў будзе няпростым. Ну, гэта значыць, як заўсёды. Таму што калі яно было проста? Але сутнасць не ў гэтым. Сутнасць у тым, што з гэтага тэарэтычнага палітычнага тэзісу вынікае спрэс практычная аператыўная выснова. Па меры ўмацавання стабільнасці барацьба за стабільнасць будзе толькі нарастаць. Вось чым стабільнасць мацней, тым больш у стабільнасці ворагаў. А чым больш у стабільнасці ворагаў, тым больш трэба старацца, каб гэтых ворагаў знайсці.
Гэта раней, пакуль стабільнасць была яшчэ не такой стабільнай, яе падрывалі шкарпэткі няправільнай палітычнай размалёўкі і антыдзяржаўныя палоскі на штанах. А цяпер стабільнасць настолькі адужала, што яе можна падарваць ужо адным неасцярожным дрыжэннем пальца. Таму што сачыць трэба за сваімі пальцамі. Асабліва, калі год вакол няпросты, а ты сведка стабільнасці ў адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі і штатным раскладам.
І я вось нават баюся сабе ўявіць, як гэтую стабільнасць могуць падарваць сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.