Знайшлі стрэлачнікаў

Улады актыўна пераводзяць стрэлкі адказнасці за знешнепалітычныя праблемы і наступствы магчымых эканамічных санкцый з боку ЕС на прадстаўнікоў апазіцыі і незалежных СМІ.

Улады актыўна пераводзяць стрэлкі адказнасці за знешнепалітычныя праблемы і наступствы магчымых эканамічных санкцый з боку ЕС на прадстаўнікоў апазіцыі і незалежных СМІ.

Напрыканцы сакавіка ў Брусэлі на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС былі пашыраныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. У прыватнасці, візавыя і фінансавыя санкцыі ўведзены ў дачыненні яшчэ да 12 грамадзян Беларусі, «адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі», і 29 беларускіх прадпрыемстваў, якія «атрымліваюць выгаду ад рэжыму ці падтрымліваюць яго». Цяпер санкцыі ЕС дзейнічаюць ужо ў дачыненні да 243 прыватных асобаў і 32 прадпрыемстваў Беларусі. Еўрасаюз па-ранейшаму патрабуе вызваліць усіх палітвязняў у краіне, у адваротным выпадку Беларусь чакае далейшае пашырэнне абмежавальных мер.
У пасольстве ЗША ў Беларусі БелаПАН заявілі, што падтрымліваюць узмацненне жорсткасці санкцый Еўрасаюза супраць дзяржавы і заклікаюць Міжнародную федэрацыю хакея «прыпыніць план правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску».
У адказ на санкцыі беларускае кіраўніцтва распачало маштабныя наступальныя аперацыі. Найперш увялі ўласны “чорны спіс невыязных для сваіх жа грамадзян. У прынцыпе, калі разважаць лагічна, то любая дзяржава мае права забараніць уезд асобам, якіх не жадае бачыць на сваёй тэрыторыі. Але пры чым тут канстытуцыйнае права суайчыннікаў на свабоду перамяшчэння?
Да слова, “чорныя спісы з абодвух бакоў ужо негатыўна адбіліся на працы непалітычных устаноў. Так, кіраўнік справамі Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Петэр Юнгэ-Вентруп (Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр разам з Мінгарвыканкам і «Беларусбанкам» з’яўляецца заснавальнікам IBB — Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау) зазначыў, што ў сувязі з абмежаваннямі для пэўных асобаў на ўезд у Беларусь і на выезд з яе, Мінскі Міжнародны адукацыйны цэнтр мусіць адаптаваць сваю працу.
“Цэнтральныя асобы, што працуюць для нас тут, не могуць прыехаць у Нямеччыну, і ёсць адваротныя выпадкі. Мы вядзём перамовы зараз з нашымі палітыкамі ў Берліне, каб асобы, якія знаходзяцца ў забароненым на ўезд у ЕС спісе, але шмат робяць у кірунку дыялогу і прымірэння, маглі б хаця б у выключных выпадках наведваць Еўрасаюз. Ці будуць гэтыя намаганні паспяховымі — пакуль не вядома. Але з досведу працы можна сказаць, што, калі мы пачынаем нечым займацца, то дамагаемся поспеху, — патлумачыў спадар Юнгэ-Вентруп. Асабліва дзіўна выглядае забарона на ўезд у Беларусь для былой кіраўніцы ІВВ з нямецкага боку спадарыні Астрыд Зам — пад яе патранажам было рэалізавана многа гуманітарных праграм у Беларусі.
Таксама шырока разгарнулася барацьба са свабодай перамяшчэння прадстаўнікоў апазіцыі. Метады тут самыя розныя. Ад пячатак у пашпарт “у выездзе адмоўлена да вобшукаў у пошуках наркотыкаў на мяжы.
Прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч атрымаў папярэджанне Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь аб недапушчальнасці дзеянняў, якія могуць быць накіраваны на “падрыў дзяржаўнага суверэнітэту. Папярэджанне звязана з выказваннямі Івашкевіча аб неабходнасці ўвядзення санкцый супраць беларускага рэжыму. «Я сябе не лічу вінаватым у падрыве дзяржаўнага суверэнітэту. Наадварот, дзеянні беларускіх уладаў, іх рэпрэсіі правакуюць і падштурхоўваюць да ўвядзення супраць краіны санкцый. Не ад выказванняў Івашкевіча залежыць увядзенне санкцый, а ад паводзінаў уладаў», — цытуе Віктара Івашкевіча БелаПАН. Увогуле, улады Беларусі — майстры абсурду. Выдаць такое папярэджанне Івашкевічу, які быў сярод пачынальнікаў беларускага незалежніцкага руху, то трэба валодаць асаблівай фантазіяй.
Але ж фантазія людзей не мае межаў. І 28 сакавіка былога прэс-сакратара кандыдата ў прэзідэнты Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, лідара партыі левых “Справядлівы свет Сяргея Калякіна, лідара АГП Анатоля Лябедзьку знялі з цягніка ў Оршы. У палітычных дзеячаў спачатку шукалі наркотыкі, а потым выставілі ім абвінавачванне ў нецэнзурнай лаянцы. І ў выніку 29 сакавіка іх аштрафавалі на 10 базавых велічынь (350 тысяч рублёў).
І на дэсерт гэтых войнаў інфармацыя, што мусіць выклікаць непрыязнае стаўленне да “пятай калоны і загніваючага Захаду ў кожнага беларуса. Прадстаўніца канцэрна «Белнафтахім» заявіла, што, верагодна, у выпадку пашырэння санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў па аналогіі з санкцыямі, якія былі ўведзеныя ЗША ў 2007 годзе, будуць падвышаныя цэны на аўтамабільнае паліва на ўнутраным рынку. Вось жа як раней не дадумаліся рост цэн, інфляцыю, дэвальвацыю ды іншыя “радасці айчыннай эканомікі спісваць на знешніх і ўнутраных ворагаў. Быў бы бяспройгрышны варыянт для тлумачэння ўсяго. У 2007 годзе Мінфін ЗША увёў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» і яго даччыных структур, зарэгістраваных у краінах Еўрасаюза. У прыватнасці, былі замарожаныя ўсе банкаўскія рахункі «Белнафтахіма», якія знаходзяцца пад амерыканскай юрысдыкцыяй, і яго прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункі «Belneftekhim USA, Inc». Акрамя таго, амерыканскім бізнэсмэнам было рэкамендавана ўстрымацца ад кантактаў з беларускім канцэрнам.
Ва ўсіх гэтых зацяжных войнах, адказах Чэмберлену праз інтарэсы свайго народа выразна праступае намер не саступаць да апошняга. Ціск на Захад ёсць адваротны яго патрабаванням — быццам бы для кіраўніцтва Беларусі правы, нормы, законы і напісаныя акурат для таго, каб іх парушаць.