Журналіста Дзяніса Івашына пасадзілі ў карцар
Незалежны журналіст Дзяніс Івашын, які супрацоўнічае з «Новым Часам», знаходзіцца за кратамі ў турме №1 Гродна з 12 сакавіка 2021 года. Яго схапілі каля дому, калі ён ішоў у аптэку за лекамі. Што адбываецца з нашым калегам зараз, распавёў карэспандэнт «Радыё Рацыя» Сяргей Апановіч.
— Для гарадзенскага журналіста, сябра Беларускай асацыяцыі
журналістаў Дзяніса Івашына не прынялі перадачу, — кажа Сяргей Апановіч. — Адміністрацыя
турмы паведаміла, што журналіст знаходзіцца другі дзень у карцары. Гэта
азначае, што за ўвесь тэрмін, пакуль ён будзе ў гэтым больш строгім месцы
знаходжання ў гарадзенскай турме, яму нельга будзе перадаваць перадачы і ён не
зможа сустрэцца з адвакатам. Па словах жонкі, сёння як раз мінуў 50-ты дзень
знаходжання Дзяніса за кратамі. І ёй вельмі шкада, што Дзяніс не зможа
адзначыць такое свята як Вялікдзень няхай сабе і турме, куды яна збіралася
перадаць розныя пасхальныя падарункі.
Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.
Дзяніс Івашын займаецца расследаваннямі. У Беларусі супрацоўнічае з «Новым Часам». Апошні яго матэрыял для «НЧ» быў пра тое, як былыя ўкраінскія «беркутаўцы» паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне Івашына звязанае менавіта з гэтым. Дзянісу Івашыну прад’яўлена абвінавачанне па 365-м крымінальным артыкуле — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».