Зняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму

Журналістку Кацярыну Барысевіч, асуджаную па справе аб «нуль праміле», паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму. Пра гэта TUT.BY стала вядома з вартых даверу крыніц.

sud_borisevich_20210302_belapan_tutby_2677.jpg

Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч, якая знаходзіцца ў следчай турме ў Жодзіне, паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму. Гэтую інфармацыю пацвердзіў яе адвакат Андрэй Мачалаў.

Варта адзначыць, што гэта ўжо не першае паведамленне аб тым, што затрыманых і асуджаных па палітычных матывах ставяць на прафулік, у тым ліку і журналістаў. Так, БелаПАН паведамляў, што «схільнымі да экстрэмізму» прызналі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну. Такі ж статус у асуджаных на два гады калоніі за стрым з «Плошчы Перамен» журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай.

Як распавядаў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, «прафілактычны ўлік азначае, што цяпер яна знаходзіцца на асаблівым кантролі ў адміністрацыі турмы. У прыватнасці, на дзвярах у яе цяпер будзе вісець карычневая картка — так адзначаюцца камеры, дзе ёсць "схільныя да экстрэмізму". У самой камеры для Каці вызначана асаблівае месца, дзе яна абавязаная знаходзіцца ў той момант, калі заходзіць наглядчык».

Пад вартай наша калега Кацярына Барысевіч знаходзіцца ўжо амаль паўгода. Да гэтага ні разу ў жыцці Каця не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, не была судзімая, мае пастаяннае месца жыхарства і працы, на працы характарызуецца станоўча, неаднаразова была адзначана за журналісцкія матэрыялы, у тым ліку праваахоўнымі органамі, у 2020 годзе стала «Журналістам года» (па версіі праваабарончай супольнасці).

Крымінальную справу ў дачыненні да Кацярыны Барысевіч і лекара БХМД Арцёма Сарокіна распачалі 19 лістапада 2020 года. Іх абвінавацілі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы. Нагадаем, 13 лістапада 2020 года за аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на медыцынскія дакументы і каментар лекара сцвярджалася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Першыя асобы краіны заяўлялі, што памерлы хлопец быў п'яны.

Тры месяцы да суду абвінавачаныя прабылі пад вартай. Спярша ў СІЗА КДБ, затым — у мінскім СІЗА № 1 на Валадарскага.

Разглядаць справу аб «нуль праміле» пачалі ў пятніцу, 19 лютага. Суд па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы зрабілі закрытым.

2 сакавіка Кацярыне Барысевіч і Арцёму Сарокіну вынеслі прысуд. Арцёму Сарокіну прызначылі два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штраф у 1450 рублёў «за выдаванне медыцынскай таямніцы», яго вызвалілі ў зале суда. Кацярыну Барысевіч прысудзілі да шасці месяцаў калоніі і штрафу ў 2900 рублёў.

Лекар прыняў рашэнне не абскарджваць прысуд, ён ужо вярнуўся на працу ў БХМД. Кацярына Барысевіч усё яшчэ застаецца пад вартай: па рашэнні суда мера стрымання засталася ранейшай.

12 сакавіка пракуратура Мінска падала пратэст на прысуд Кацярыне Барысевіч «з-за мяккасці прызначанага пакарання». Адвакаты Кацярыны Барысевіч таксама падалі апеляцыйную скаргу — яны настойвалі на невінаватасці журналісткі.

20 красавіка Мінгарсуд прыняў рашэнне пакінуць прысуд Кацярыне Барысевіч у сіле — 19 мая яна павінна выйсці на волю.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Барысевіч і Сарокіна вязнямі сумлення.