Зварот у падтрымку адвакаткі Людмілы Казак, што абараняе Калеснікаву, падпісалі больш за 100 яе калег
109 адвакатаў выступілі ў абарону сваёй калегі Людмілы Казак і просяць не пазбаўляць яе ліцэнзіі.

Яны падпісаліся пад адкрытым зваротам да Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі. Зварот утрымлівае просьбу не разглядаць пытанне аб пазбаўленні ліцэнзіі адвакаткі Марыі Калеснікавай — Людмілы Казак, а таксама іншых калег, піша Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Падставай для разгляду пытання ў дачыненні Людмілы Казак Міністэрства юстыцыі палічыла «адміністрацыйнае правапарушэнне», прадугледжанае артыкулам 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Гэта расцанілі як «правіну, несумяшчальную са званнем адваката» і прызначылі разгляд на 19 лютага.
«Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі выцякае з затрымання Людмілы Казак, зробленага, на нашу думку, з парушэннямі закону і без законных падстаў», — лічаць адвакаты.
Скаргу на судовую пастанову ў той справе яшчэ не разглядаў Вярхоўны суд.
Акрамя таго, на іх думку, пытанні ацэнкі дзеянняў адвакатаў «павінны вырашацца тэрытарыяльнай калегіяй адвакатаў, сябрам якой з’яўляецца адвакат, а не Кваліфікацыйнай камісіяй пры Міністэрстве юстыцыі».
Збор подпісаў працягваецца.
Людміла Казак сказала, што ў сённяшніх рэаліях улады любым надуманым спосабам імкнуцца прыбіраць няўгодных ім людзей, любога чалавека могуць схапіць на вуліцы і скласці рапарт нібыта аб непадпарадкаванні.
Казак не мае сумневаў, што справа аб яе адпаведнасці адвакацкаму званню разглядаецца менавіта ў сувязі з яе працай па абароне палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Такім спосабам Калеснікаву могуць пазбавіць ужо чацвёртага адваката.
Раней Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку, у дачыненні двух іншых адвакатаў — Іллі Салея і Максіма Знака пачалі крымінальныя справы. Салей знаходзіцца пад хатнім арыштам, Знак — пад вартай, абодвух прызналі палітвязнямі. Яны падазраваныя ў крымінальнай справе па факце стварэння і дзейнасці Каардынацыйнай рады.