Звольненага інваліда пацягнулі ў суд. Вынік быў нечаканы

Інвалід 3-й групы Валянціна Аній была звольнена па скарачэнні штата, безвынікова шукала справядлівасці ў судзе. Але на гэтым няшчасці жанчыны не скончыліся...

sud_sluck.png


Валянціну Аній 14 красавіка выклікалі ў суд Слуцкага раёна па позве былога наймальніка ВБК «Маналіт». Паколькі ў выніку судовага пасяджэння ў пачатку красавіка Валянціна прайграла суд і не здолела аднавіцца на працы, арганізацыя запатрабавала праз суд спагнаць з яе грошы за паслугі двух адвакатаў на суму 570 рублёў.
«Мала таго, што мяне несправядліва звольнілі з працы, дык яшчэ хочуць накласці на мяне выплату непад“емнай сумы, — казала перад пачаткам судовага разбіральніцтва ўзрушаная жанчына. — Не разумею, якім чынам з мяне вылічвалі б гэтыя грошы. Хіба, па 5-10 рублёў штомесячна з маіх 215 рублёў пенсіі? І ўсё з-за таго, што я хацела, каб са мной паступілі справядліва, па закону?»
Напярэдадні судовага пасяджэння мы звязаліся з адміністрацыяй ВБК «Маналіт», дзе працавала Валянціна Аній. Паразмаўляць з дырэктарам прадпрыемства не атрымалася, але галоўны бухгалтар арганізацыі Галіна Касцюк пагадзілася пракаментаваць сітуацыю.
— Валянціна Аній дабівалася, каб усё было па закону, дык вось усё і будзе па закону, — заявіла прадстаўнік прадпрыемства «Маналіт». — У нас цяжкае фінансавае становішча, мы панеслі грашовыя траты на адвакатаў, выйгралі суд — хай заплаціць за непатрэбныя расходы.
Па словах Касцюк, арганізацыя спрабавала праявіць гуманнасць — прапаноўвала Аній да суда дамовіцца і абяцала выплаціць ёй дадатковы двухмесячны заробак на перыяд пошуку новай працы.
Карэспандэнт НЧ задаўся пытаннем: з улікам нават цяжкага фінансавага становішча прадпрыемства, ці выратуюць яго 570 рублёў ад інваліда? А вось для самой Валянціны Аній інваліда — гэта сапраўды вялікія грошы.
Невядома, што ў выніку паўплывала на рашэнне кіраўніцтва прадпрыемства, але 14 красавіка ў пачатку судовага пасяджэння прадстаўнікі «Маналіта» адазвалі свой іск аб аплаце судовых стратаў.
— Відавочна, што нават суддзя была здзіўлена спыненнем разбіральніцтва, бо пыталася, ці не ўзніклі новыя абставіны справы, — гаворыць Валянціна Аній. — Дзякуй Богу, што адазвалі свой іск, адчуваю сябе, як быццам нейкая вялізная гара звалілася з плеч.