Жыхары Курасоўшчыны бароняць яблыневы сад ля 3-й дзіцячай бальніцы

Яблыневы сад ля 3-й дзіцячай клінічнай бальніцы ў Курасоўшчыне прапануюць высекчы дзеля трох панэльных шматпавярховікаў. Супраць ушчыльнення жыхары сабралі 500 подпісаў.



sad1.jpg

Мінскаму раёну Курасоўшчына пагражае ўшчыльненне. На вуліцы Кіжаватава плануецца пабудаваць адразу тры панэльныя шматпавярховікі. Мінчукоў, якія балюча ўспрымаюць непрадуманую будаўнічую палітыку, у дадзеным выпадку моцна абурыў і той факт, што дзеля здзейснення праекту прапануецца высекчы яблыневы сад ля 3-й дзіцячай клінічнай бальніцы.
Сад ёсць своеасаблівай буфернай зонай паміж дзіцячай бальніцай і жылымі дамамі ды загружанай вуліцай Кіжаватава.
Праект забудовы размешчаны для грамадскага абмеркавання ў ЖЭС № 63, што на вуліцы Кіжаватава, 66. ён сапраўды прадугледжвае поўнае знішчэнне сада. Замест сада прапануюцца тры жылыя дамы, падземны паркінг на 100 машынных месцаў і дзіцячая пляцоўка, якая будзе прымыкаць усутыч да круглай бальнічнай клумбы.
Аднак невядома, ці змогуць пацыенты карыстацца гэтай пляцоўкай, якая, мяркуючы па ўсім, прызначана перш за ўсё для жыхароў дамоў. Цяпер жа сад, хоць і не належыць да тэрыторыі шпіталя, але дэ-факта далучаны да яго супольным плотам.
Да барацьбы за захаванне сада далучыліся грамадзянскія кампаніі «Гавары праўду» і «Еўраперспектыва», якія арганізавалі збор подпісаў супраць рэалізацыі праекта.
Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Юры Салодкі паведаміў «Нашай Ніве», што ўдалося сабраць каля 500 подпісаў.
«Пры канцы тыдня мы перададзім подпісы ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна», — дадаў ён.
Юры Салодкі таксама падкрэсліў недарэчнасць сітуацыі, калі на праект няма як выказаць нараканні. «Я падаў скаргу ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна наконт адсутнасці журнала для заўваг і прапаноў побач з вывешаным у ЖЭСе праектам», — сказаў ён.
Галоўная архітэктарка Кастрычніцкага раёна Алена Сухадолава прызнала, што адсутнасць кантактнай інфармацыі побач з стэндам — хіба адміністрацыі.
«Такую інфармацыю мусілі размясціць, але, відаць, супрацоўнікі ЖЭС проста забыліся зрабіць гэта. Зараз я патэлефаную туды і нагадаю. А непасрэдна журнал знаходзіцца ў маім кабінеце. Я не магу прызначыць адказнага за яго ў ЖЭС, а там журнал могуць згубіць ці куды-небудзь знесці. Але можна таксама пакінуць сваё меркаванне ў электронным выглядзе на сайце адміністрацыі», — паведаміла архітэктарка.
Грамадскае абмеркаванне праекта працягнецца да 26 жніўня. Азнаёміцца з праектам можна па адрасе: г. Мінск, вул. Кіжаватава, 66, 1-шы паверх, штодня (акрамя выхадных), з 8.45 да 18.00, у пятніцу з 8.45 да 16.45.
Заўвагі і прапановы можна кіраваць на адрас: вул. Чкалава, 6, каб. 312, 313, 315, 317, Тэлефон: 224-47-12, 220-39-31, электронны адрас: okt.ideol@minsk.gov.by.
nn.by