Жыхара Дзяржынска затрымалі за сцяг Японіі

Жыхара Дзяржынска Віталя Буйноўскага, які павесіў перад вакном свайго прыватнага дома бела-чырвоны сцяг Японіі, затрымалі і будуць судзіць, піша Радыё Свабода.

40282638_401.jpg

На Віталя Буйноўскага мясцовыя міліцыянты склалі пратакол паводле артыкула 23.34 за правядзенне несанкцыянаванага пікету. Прыкметамі пікету сталі японскі сцяг (чырвоны круг на белым палотнішчы) у вакне, белыя і чырвоныя пластыкавыя стужачкі і балонікі, якія віселі на балконе дома, а таксама надпіс «Гэта не сцяг». Віталя папярэдзілі, што разгляд адміністрацыйнай справы, складзенай паводле гэтага пратаколу, адбудзецца, магчыма, 19 студзеня.
18 студзеня ў першай палове дня Віталь выйшаў з мясцовага ізалятара часовага ўтрымання, дзе адбыў два дні ў камеры з бяздомнымі і аматарамі зашмат выпіць.

Сімволіка якой краіны забароненая?

Рэзчык па камені Віталь Буйноўскі і ягоная жонка Кацярына з дзецьмі жывуць у Дзяржынску ў прыватным доме. З лета на доме вісеў бел-чырвона-белы сцяг, таксама дом быў упрыгожаны адпаведнымі стужачкамі і балонікамі. За адданасць беларускай гістарычнай сімволіцы гаспадароў дома ўжо 5 разоў штрафавалі. Можа, цяпер Віталя і не пасадзяць, але новага штрафу, як ён лічыць, пазбегнуць не ўдасца.
«Міліцыянты, што прыехалі да нас, былі нашыя. Пытаюся ў іх: а чаму сцяг Японіі вы залічылі ў забароненую сімволіку? Што мне, скардзіцца ў амбасаду Японіі, ці як? Паціскаюць плячыма. Кажуць, суд хай вызначае, а іхная справа — адабраць. Калі што, дык паабяцалі ўсё вярнуць, і сцяг японскі. Але, мяркую, рашэнне прадвызначанае. Самі сказалі, што маюць загад з Мінску, маўляў, наш дом стаў вядомы на ўсю Беларусь, загадана разабрацца», — расказвае Віталь пра размову з міліцыянтамі, якая адбылася ў мінулую суботу ва ўправе міліцыі Дзяржынскага раёна.
Паводле Віталя Буйноўскага, ён адмовіўся падпісваць пратакол аб адміністрацыйным парушэнні і ўвогуле пакідаць у ім сваё тлумачэнне. «А што тут тлумачыць? На якой законнай падставе мне могуць дыктаваць, што можна ва ўласным доме вывешваць? Няма такога закону, гэта самаўпраўства», — лічыць Віталь Буйноўскі.
Раней у інтэрв'ю журналістам адносна першага пратаколу за бел-чырвона-белы сцяг на доме Віталь казаў, што «адступаць далей няма куды» і ад нацыянальнага сцягу ён не адмовіцца. Ці шкадуе, што публічна агучваў пазіцыю, якая не спадабалася ўладам?
«Прадбачыў гэта, але не шкадую. Бо калі проста павесіць сцяг у шафу і самому на яго глядзець, дык ад гэтага карысці ніякай. Людзі павінны ведаць пра тваю пазіцыю. Але гэта маё права на выказванне думкі, і гэта ніякі не пікет — сцяг у вакне, тым больш унутры дома, і тым больш сцяг японскі. Можа, заўтра мяне ў японскія шпіёны запішуць? Дык такое ў гісторыі ўжо было, і дапусціць, каб гэта паўтарылася, нельга», — мяркуе Віталь Буйноўскі.

Адна конаўка на 6 арыштантаў

У ізалятары часовага ўтрымання ў Дзяржынску Віталь Буйноўскі правеў амаль два дні — з вечара 16 студзеня па поўдзень 18-га.
«Кампанія была збольшага неблагая. Пагаворыш з кожным паасобку, дык нармальныя людзі, са сваімі праблемамі, нават драмай. Агульнае тое, што не могуць сябе знайсці, бо ў горадзе няма працы, уцягнуліся ў заганнае кола выпіўкі. Ім бы дапамагчы, а іх саджаюць», — згадвае Віталь былых сукамернікаў.
На холад і ежу Віталь не скардзіцца, але што да выканання правілаў санітарыі, вельмі актуальных у часы пандэміі каронавіруса, дык тут ён убачыў шмат праблем.
«З гарбатай была праблема, якая дакладна можа прывесці да перадачы захворвання. Справа ў тым, што на ўсю камеру выдалі толькі адну конаўку. Таму раздатчык ежы гарачую ваду для гарбаты спачатку разліваў у пластыкавы кантэйнер, а потым мы туды кідаем свае пакуначкі з заваркай. І ўжо адтуль п’ем гарбату, па чарзе, карыстаючыся адной конаўкай. Ясна, што калі нехта хворы на каронавірус, дык падхапіць могуць усе. Але адміністрацыю гэта не хвалюе», — кажа Віталь Буйноўскі.
Другім фактарам рызыкі Віталь лічыць тое, як у ізалятары мыюць посуд. Паводле Буйноўскага, гарачай вады ў водаправодным кране не было, да таго ж у камеры было забаронена мець пластыкавыя бутэлькі, у якіх звычайна вязні награваюць ваду, заціснуўшы паміж сцяной і батарэяй. Такой цёплай вадой можна было мыць міскі пасля ежы, але і яе няма, адзначае былы вязень.
«Таму мусілі мыць міскі халоднай вадой з-пад крана. А ці мыў хто іх пасля нас, невядома. Мяркую, што не».
Таксама Віталь Буйноўскі звярнуў увагу на тое, як фармальна выконвалася ў ІЧУ Дзяржынскага раёна правіла абавязковага карыстання медычнымі маскамі.
«У камеры ўсе, натуральна, сядзяць без масак, бо інакш ужо праз гадзіну вельмі цяжка дыхаць. Прычым за два дні ніхто дэзынфекцыі не праводзіў, нас на прагулкі ці ў душ не выводзілі. Затое калі ўваходзіць міліцыянт, дык ён у масцы і нам загадвае надзець маскі. Таму ўзнікае ўражанне, што яны толькі пра сябе клапоцяцца, каб не падчапіць „карону“, а што з арыштантамі будзе, ім усё роўна», — мяркуе Віталь Буйноўскі.
Ён кажа, што ў горадзе абстаноўка з каронавірусам цяпер больш напружаная, чым была ў канцы мінулай вясны.
«Цяпер шмат знаёмых хварэе ці ўжо перахварэлі. Гэтак часта пра гэта кажуць, што ўжо прызвычаіліся», — адзначае Віталь Буйноўскі. Сам ён сімптомаў захворвання пакуль не адчувае.
Агулам сям’ю Буйноўскіх аштрафавалі за сцягі на доме ўжо больш як на 2 тысячы рублёў.
«Як будзем плаціць, не ведаю. Працы няма, усё стаіць. Будзем думаць», — кажа Віталь Буйноўскі.