Жыхару Чачэрска, які на прыёме ў псіхіятра выказаўся пра Лукашэнку, далі год калоніі
22 ліпеня ў Буда-Кашалёве прайшоў закрыты суд па крымінальнай справе аб «абразе прэзідэнта». Абвінавачаны, жыхар Чачэрска Юрый Кавалёў, нядобра выказаўся пра Лукашэнку на прыёме ў псіхіятра. Лекарка данесла на яго ў міліцыю, распавядае «Свабода».
Пра акалічнасці справы расказаў адзін з сяброў
Юрыя.
«Увесну Юрый праходзіў медыцынскую камісію на правы кіроўцы.
Псіхіятарка сама завяла з ім спрэчку на палітычныя тэмы, абражала Святлану
Ціханоўскую. Тады Юры сказаў, што Лукашэнка, мякка кажучы, не надта граматны
чалавек. Лекарка данесла на яго ў міліцыю. Распачалі крымінальную справу. На
судзе Юрый сказаў, што Лукашэнка сам сябе называе дыктатарам, а гэта значна
горш, чым неразумны чалавек, як ён яго назваў», — кажа сябар Юрыя.
За апошні год Юрый неаднаразова трапляў на 15 сутак.
«Здаецца, ён сядзеў за год разоў дзесяць. Міліцыя не давала яму спакою. То за
сцяг, які вывесіў на доме, то ў нейкай "няправільнай майцы" быў у горадзе — і
гэта прызналі пікетам.
Перад выбарамі 9 жніўня 2020 года чачэрская міліцыя ладзіла
цэлую спецаперацыю, каб затрымаць Юрыя і яго сына Арцёма. Тыя мусілі
ўцякаць з дому і хавацца».