Абудзіць душы продкаў і папрасіць у іх дапамогі

Гэта час, калі людзі ўзгадваюць пра сваіх продкаў, прыходзяць да іх на могілкі. Навукоўцы мяркуюць, што назва Радаўніца пахо­дзіць ад слова «род», або ад славянскай міфічнай багіні памяці Рады.

images_cms_image_000030040_1.jpg


Аднак існуюць такія назвы, як Радуніца, Радуніцкія Дзяды, Снеданне па радзіцелях, Вялікадне мёртвых.
У некаторых мясцінах на могілкі ішлі на Вялікдзень, там і разгаўляліся разам з продкамі.
— Існавала прыказка: на Радуніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць, — расказвае выкладчык кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Дзмітры Дрозд. — Да абеду людзі маглі працаваць, пасля абеду ішлі на могілкі, паміналі продкаў. З сабой бралі велікодныя стравы: яйка, куліч. У цэнтральнай Беларусі яйкі часам закопвалі ў магільны грудок. Часам раструшчвалі, каб склявалі птушкі. У некаторых рэгіёнах, каб ажывіць душу памерлага, качалі па магільным грудочку крыжападобна пафарбаванае яйка.
Перш чым прыгубіць чарку, тройчы з яе адлівалі гарэлку, успаміналі пра памерлых. Але лічылася, што лепшай вільгаццю, здольнай ажывіць памерлых родзічаў, будуць слёзы і галашэнні па іх.

Памерлым прыносілі “абноўкі”

Раней да Вялікадня ткалі, пралі, з гэтага шылі ці вязалі новае адзенне і апраналі яго на свята. Таму і памерлым на магілкі прыносілі “абноўкі”. Ручнікі павязвалі на крыжы магілак, дзе былі пахаваныя мужчыны. Фартушкі альбо стужкі — на крыжы пахаваных жанчын.
— І цяпер на крыжах можна ўбачыць стужкі, — адзначае Дзмітры Дрозд. — Але ў большасці іх замянілі штучнымі кветкамі.
Тыя, хто ходзіць на могілкі ў першы дзень Вялікадня, пазіраюць, ці пераліваецца сонца. Калі так, гэта добрая прыкмета на ўраджай, дабрабыт і шчасце.
У радзімічаў на могілках рабілі з вярбы свісткі і раздавалі дзецям. Яны ўзлазілі на дрэвы і свісталі. Гукі павінны былі абудзіць душы продкаў.
— Нашы продкі верылі ў тое, што пасля смерці душа чалавека становіцца птушкай, — распавядае выкладчык кафедры беларускай літаратуры і культуры. — І ў галашэннях, гучных рыданнях з прычытаннямі на памінках вобраз салавейкі, зязюлькі пастаянна прысутнічае.
Самымі першымі стараліся прыйсці на могілкі сваякі нядаўна пахаваных нябожчыкаў. Калі няма памерлых з часу мінулага Вялікадня, ідуць перш да магілы старэйшага родзіча. Раней верылі ў тое, што першы, хто прыйшоў на могілкі, пачуе ад сваіх родзічаў параду, дзе знайсці скарб.
— Найбольш галасілі над тымі магілкамі, дзе былі пахаваныя дзеці, — расказвае Дзмітры Дрозд. — Рытуалы на Радаўніцу скіраваныя і на тое, каб улагодзіць душы продкаў, папрасіць у іх дапамогі перад пачаткам новага сельскагаспадарчага года.

Старэйшая жанчына абуджала продкаў

У вёсцы Язні на Вілейшчыне існаваў звычай, старэйшая жанчына з тых, хто прыйшоў на могілкі, клікала душы памерлых на сумесную трапезу.
Як правіла, той, хто кліча, пералічвае ўсіх па сваяцтву: “Дзядочкі, бабачкі, татулькі, матулькі, сястрычкі, братачкі, цётачкі, дзядзечкі, прадзедкі і прабабачкі старэнькія, дзетачкі маленькія, усе хадзіце к нам. Ужо вашы сталы пазасціланыя, госцікі сазваныя, кубачкі паналіваныя. Хадзіце, ляціце к нам!”
У канцы трапезы таксама старэйшы з прысутных звяртаецца да памерлых: “Вы нам ва ўсім спрыяйце і нас да сябе доўга дажыдайце!”

На Вялікдзень на могілках больш людзей, чым на Радаўніцу

Лідзія Адамовіч з вёскі Заброддзе на Вілейшчыне расказвае, што ў іх вёсцы на могілкі ездзілі ў першы дзень на Вялікдзень і на Радаўніцу.
— На Вялікдзень звычайна прыязджае многа людзей, нават у тыя хаты, дзе нікога ўжо няма. Перад сняданкам едуць на могілкі, — расказвае жанчына. — З сабой вязуць яйкі, кладуць кветкі, узгадваюць памерлых сваякоў.
На Радаўніцу ў Заброддзі і навакольных вёсках да абеду людзі працуюць, а пасля абеду едуць на могілкі.
Валеры Пячкоўскі з Ашмяншчыны расказвае:
— Ашмяншчына — край каталіцкі, таму 1 лістапада, свята Усіх святых, больш маштабнае. Але і на Радаўніцу людзі прыбіраюць могілкі, ідуць у царкву, памінаюць продкаў: хто чаркай, хто малітвай.
rh.by