Абвешчаныя вынікі прэміі “Дэбют”. У намінацыі “Паэзія” пераможцу так і не вызначылі
Цырымонія ўзнагароджвання адбылася 23 сакавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Самым скандальным стала вызначэнне пераможцы ў намінацыі “Паэзія”, на якую было намінавана адразу тры творцы. Не здолеўшы прыйсці да адзінага меркавання журы ўручыла паэтам толькі заахвочвальныя прызы.
Як і летась, галоўная зала багдановічаўскага музея была перапоўненая гледачамі, шмат каму з іх давялося слухаць цырымонію стоячы. У гэты дзень ўручаліся ўсе тры галоўныя ўзнагароды ў галіне паэзіі, прозы і перакладу, а таму кожны намінант ці намінантка прыйшоў з групай падтрымкі ў выглядзе сяброў і сваякоў.
Усевалад Сцебурака, вядоўца імпрэзы, вёў цырымонію ў імклівым рытме, разумеючы, што дарэшты наладаваную залу нельга ўтрымліваць у доўгім чаканні. Напачатку вечара з прывітальнымі шчырымі словамі выступілі арганізатары: старшыня фонду “Вяртанне” і мецэнат Павел Бераговіч, загадчыца музею Марына Запартыка і старшыні творчых саюзаў: Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч.
Барыс Пятровіч
Прадпрымальнік Павел Бераговіч, усцешаны аншлагам, прапанаваў наступны раз правесці ўручэнне “дэбюта” ў “Прэзідэнт-гатэлі” каля Адміністрацыі Прэзідэнта. Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” павіншаваў журы і намінантаў з заканчэннем прэміяльнага сезону, параіў тым, хто прэміі не атрымае, не адчайвацца, бо Максім Багдановіч не меў іх ніводнай і тым не менш любімы і шанаваны ўсімі беларусамі. Старшыня Беларускага ПЭНу Андрэй Хадановіч, разважаючы пр сам феномен прэміі, правёў экскурс у літаратурную класіку. Бернард Шоў, напрыклад, казаў, што “Нобелеўская прэмія – уратавальны круг, які кідаюць плыўцу тады, калі ён ужо даплыў да берагу”.
Андрэй Хадановіч і Павел Бераговіч
Пасля кароткіх і ўхвальных прывітанняў пачалося самае цікавае. У намінацыі “Проза” на прэмію намінаваліся тры кнігі:
- Анатоль Івашчанка «Анаталогія» — Мінск: «Кнігазбор»;
- Кацярына Мядзведзева «Разламашкі майстра Люфта» — Мінск: ІП А.М. Янушкевіч, электроннае выданне;
- Кірыл Стаселька «Дзіцячы маніфест». — Мінск: «Галіяфы»;
Прадстаўляў намінантаў сябра журы сёлетняга “Дэбюту” празаік і эсэіст Віктар Марціновіч, а самую галоўную прэмію атрымаў Анатоль Івашчанка, аўтар дзвюх кніг паэзіі, які пісаў прозу яшчэ з студэнцкіх часоў, аднак выходзіць з ёю на публіку не спяшаўся. У лаўрэацкім слове Анатоль Івашчанка сціпла падзякаваў за ацэнку яго творчасці.
Даволі адноснай неспадзяванкай можна назваць уручэнне прэміі “Дэбют” імя М. Багдановіча ў галіне перакладу Святлане Рогач. Ужо на стадыі шорт-ліста журы адзначыла адразу дзве ейныя фундаментальныя працы мінулага году: пераклад раманаў Катэржыны Тучковай і Іржы Гаічка з чэшскай мовы. Усё ж інтрыга захоўвалася да апошняга, бо істотную канкурэнцыю складала Лізавета Касмач (пераклад з нямецкай мовы кнігі: Ірэна Брэжна. Найлепшы з усіх светаў). У выніку прэмію атрымала Святлана Рогач.
Найбольш рэвалюцыйным і нестандартным ходам журы сталася неўручэнне галоўнай узнагароды за паэзію. На пачатку за прэмію спаборнічалі рэкордныя 11 зборнікаў вершаў. У выніку ў шорт-ліст увайшлі:
- Мікіта Найдзёнаў «Развітанцы». — Мінск: «Кнігазбор»;
- Алесь Плотка "Байсан" — Мінск: «Кнігазбор»;
- Анхела Эспіноза Руіз "Раяль ля мора" — Вільня: «Логвінаў»;
Лаўрэат прэміі “Дэбют” Уладзь Лянкевіч, які ўваходзіў сёлета ў склад журы, патлумачыў рашэнне кансэнсусам экспертаў. І Мікіта Найдзёнаў, і Алесь Плотка, і Анхела Эспіноса атрымалі заахвочвальныя прэміі ад фонду “Вяртанне”.
Вечарыну завершыў выступ гурта NAVI, пасля чаго намінанты і лаўрэаты працягнулі гутарку з журналістамі, а таксама прынялі віншаванні ад сваёй групы падтрымкі.
Сябра журы прэміі “Дэбют” Віталь Рыжкоў для пракаментаваў сітуацыю з паэтычнай намінацыяй наступным чынам: “Хай у гэтым годзе не было лаўрэата ў намінацыі “Паэзія”, але прынамсі намінанты застануцца сябрамі, без крыўдаў ці зайздрасці адно да аднога, як, магчыма, было ў мінулыя гады, і ўвесь негатыў будзе скіраваны да сябраў журы”.
Незадаволены вынікамі такога рашэння паэт Алесь Плотка пакінуў у фэйсбуку адкрыты ліст да кіраўнікоў інстытуцый-арганізатараў прэміі “Дэбют”.
“Як лаўрэат у намінацыі “Паэзія”, дзе не быў вызначаны пераможца, звяртаюся да вас з просьбай паспрыяць таму, каб брыдкі скандал, які ўзнік вакол гэтай намінацыі, быў вырашаны. Прагучаўшы ў афіцыйным каментары аднаго з прадстаўнікоў журы пасаж пра т.зв. “кампраміснасць” невызначэння аніводнай з трох кніг і прыведзеныя псеўдагуманістычныя довады гучаць проста абразліва і па-чалавечы подла. І персанальна, і прафесійна. Кожны з канкурсантаў мае амбіцыі і гатовы прызнаць перамогу іншага і шчыра парадавацца за яго”.
На думку паэта з Гомеля прынятае журы рашэнне “прымушае засумнявацца ў сапраўдных матывах працы журы ў гэтай намінацыі”. На думку Алеся Плоткі эксперымент з амалажэннем журы абярнуўся катастрофай і ў выніку ўсе намінанты засталіся ні з чым.
Алесь Плотка
Выклікаць на сцэну трох лаўрэатаў, кожны з якіх чакае рашэння, рассказаць ім “о так, вы ведаеце, вось калі мне далі прэмію, дык мяне запаважалі”, — заўважае паэт. — Далей падкрэсліць “ну а сёння мы, абраныя раней, нікому такой ласкі не даем” – якога характару гуманізм такой бравады? Які імідж ён робіць літаратуры? Як выглядае прэмія імя Багдановіча, дзе журы ігнаруе выбар аднаго з трох паэтаў? І панібрацкі ляпае па плячу “ну ў Багдановіча ж прэмій не было” – у Багдановіча і лекаў не было, дык што цяпер, не лячыцца ад сухотаў у яго гонар?
Літаратурная прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад.
Сёлета ў журы прэміі ўвайходзілі: Павел Бераговіч, Уладзь Лянкевіч, Віктар Марціновіч, Юлія Мацук, Антон Рудак, Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк.
Паводле budzma.by