Адпачывальнікам каля Цнянскага вадасховішча раздавалі дыскі з беларускім рокам і віншавалі з 27 ліпеня
Акцыя прысвечаная 24-й гадавіне абвяшчэння суверэнітэту.
З нагоды 24-й гадавіны абвяшчэння суверэнітэту актывісты Арт Сядзібы і кампаніі «Рок-салідарнасць» правялі акцыю каля Цнянскага вадасховішча.
Яны раздавалі музычныя дыскі «Сімвалы веры і свабоды», на якіх сабраныя спевы беларускіх выканаўцаў, прысвечаныя гербу «Пагоня» і бел-чырвона-беламу
сцягу.
Адзін з удзельнікаў акцыі Аляксей Сапрыкін распавёў, як адбывалася акцыя:
«У нас было каля паўтараста дыскаў „Сімвалы веры і свабоды“, а таксама ўлёткі ды флаеры. Мы надзелі майкі-вышыванкі ад Свабода Арт, і пайшлі ўздоўж Цнянскага
вадасховішча. Пашанцавала з надвор’ем, людзей было мноства. Мы віншавалі адпачывальнікаў са святам 27-га ліпеня, даравалі дыскі. Ставіліся надзвычай прыязна, дзякавалі па-беларуску. Многія
пыталіся, дзе можна паслухаць ці спампаваць беларускую музыку».
Музычная складанка «Сімвалы веры і свабоды» прысвечана нацыянальным сімвалам Беларусі. На дыску сабраныя кампазіцыі, якія выконваюць Зміцер Вайцюшкевіч,
«Песняры», Аляксей Шадзько, Віктар Шалкевіч, Ліка Ялінская (Агурбаш), IQ-48, Сяржук Сокалаў-Воюш, Лявон Вольскі і іншыя — усяго 22 трэкі. Бонусамі — лекцыі
пісьменніка Уладзіміра Арлова і гісторыка Сяргея Харэўскага.
svaboda.org