Алексіевіч: ад беларускай культуры я не адмаўлялася!

З'явілася публікацыя ў нямецкай газеце Frankfurter allgemeine Zeitung, дзе пісьменніца Святлана Алексіевіч нібыта крытычна выказалася пра беларускую мову. Святлана адмаўляецца ад гэтага выказвання.



alieks.jpg

Нагадаем, у інтэрвію з нагоды прысуджэння Святлане Алексіевіч прэстыжнай Прэміі міру нямецкіх кнігавыдаўцоў, пісьменніца выказалася наконт сваёй культурнай прыналежнасці і стаўлення да беларускай мовы.
 

На рэпліку газеты «Хоць Мiнск Ваш родны горад, але Вы не пішаце па-беларуску», Святлана Алексіевіч адказала:
 

«Так, я пішу толькі па-руску і таксама лічу сябе прадстаўніцай рускай культуры. Беларуская мова вельмі вясковая і літаратурна няспелая».
 

На пытаньні, якія могуць узнікнуць у чытачоў інтэрвію мы папрасілі адказаць саму пісьменніцу.
 

«Вядома ж, я такога не казала. Тут той выпадак, калі на тэкст і дух інтэрвію наклалася асоба чалавека, які яго рабіў. Са мной гаварыла маскоўская карэспандэнтка газеты, магчыма, яе руская мова была недасканалая, магчыма, яна падала там нешта так, як бы сама хацела гэта пачуць.
 

Я ніяк не магла сказаць тое, што напісана ў тэксце інтэрвію. Гэта зусім не адпавядае маім перакананням. Я заўсёды казала, што ў мяне две маці беларуская вёска, у якой я вырасла, і руская культура, у якой я выхоўвалася. Як можна ад іх адмовіцца? 
 

Беларуская мова для мяне гэта і вясковыя краявіды, і вясковыя бабкі, сярод якіх я расла, праз беларускую мову я пазнавала свет жаночага голасу я ніколі не лічыла і не лічу яе нейкай адсталай ці няспелай».

svaboda.org