Ордэн для Брэжнева

У 1974 годзе кіраўнік СССР Леанід Брэжнеў атрымаў найвышэйшую вайсковую ўзнагароду Польшчы — ордэн Virtuti Militari. Для многіх палякаў гэта выглядала як абраза памяці сапраўдных герояў і чарговы доказ залежнасці ПНР ад Масквы. Скандал аказаўся настолькі гучным, што яго памятаюць дагэтуль. 

Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў і першы сакратар ЦК ПАРП Эдвард Герэк. 1974 год. Фота: Wikimedia Commons

Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў і першы сакратар ЦК ПАРП Эдвард Герэк. 1974 год. Фота: Wikimedia Commons

Скандал з пазбаўленнем Зяленскага ордэна «Белага арла» выглядае дробяззю на фоне рэзананснага інцыдэнту з узнагароджаннем у 1974 годзе Леаніда Брэжнева галоўным польскім вайсковым ордэнам Virtuti Militari.

Уінстан Чэрчыль смакаваў каньяк і маляваў карціны, Ангела Меркель — аматарка садоўніцтва, Напалеон любіў гуляць у шахматы. А вось бзікам Леаніда Брэжнева былі медалі і ўзнагароды. Іх у яго была велізарная колькасць. Да канца жыцця генсака ў яго калекцыі налічвалася больш за сто савецкіх і замежных узнагарод. Для даведкі: Брэжнеў стаў абсалютным рэкардсменам па колькасці ўзнагарод у савецкай гісторыі.

Нядзіўна, што брэжнеўская манія наконт медалёў і ордэнаў стала глебай для шматлікіх жартаў у часы застою. У той час у народзе жартавалі, што генсаку неўзабаве спатрэбіцца «аперацыя па пашырэнні грудной клеткі», каб размясціць усе медалі. Быў папулярны анекдот пра кракадзіла, які з'еў Брэжнева і пасля «два тыдні сраў медалямі».

Аднак калекцыянаваннем савецкіх узнагарод «дарагі Леанід Ільіч» не абмежаваўся. У прыватнасці, у 1974 годзе ён паклаў вока на польскі ордэн Virtuti Militari.

Вонкава выбар дзіўны з улікам гісторыі ордэна. У 1792 годзе польскае войска атрымала першую за больш як стагоддзе перамогу над расійскай арміяй пры мястэчку Зяленцэ. Тагачасны галоўнакамандуючы князь Юзаф Панятоўскі звярнуўся да караля, свайго дзядзькі Станіслава Аўгуста, з просьбай заснаваць узнагароду за вайсковую доблесць. Так з'явіўся ордэн Virtuti Militari.

Глядзіце таксама

Цягам двух стагоддзяў гэтая ўзнагарода стала культавай у польскім грамадстве. У тым ліку таму, што пры царскім рэжыме яе нашэнне было забаронена. Цар Мікалай I прыдумаў даволі цынічны спосаб дыскрэдытацыі ордэна. Ён пачаў узнагароджваць аналагам Virtuti Militari салдат — удзельнікаў падаўлення польскага паўстання 1830–1831 гадоў.

Аднак у сацыялістычнай Польшчы тая ўзнагарода існавала. Дарэчы, гэта прывяло да гістарычнага парадоксу, адлюстраванага ў папулярным жарце. Як іранізавалі палякі: «Старажытныя рымляне вешалі злодзеяў на крыжы, а камунізм вешае крыжы на злодзеяў».

Між тым у 1974 годзе споўнілася 30 гадоў Польскай Народнай Рэспубліцы. Каб маштабна адзначыць юбілей ПНР, у Варшаву таксама запрасілі кіраўніка СССР. Ведаючы пра ягоныя слабасці да ўзнагарод, польскія ўлады планавалі ўручыць яму ордэн «За заслугі перад польскім войскам».

Але тут нечакана Брэжнеў выказаў жаданне атрымаць іншую ўзнагароду, а менавіта Virtuti Militari. Калі верыць тагачаснаму лідару ПНР Эдварду Герэку, Брэжневу вельмі хацелася атрымаць узнагароду, якой былі адзначаны, сярод іншых, Юзаф Панятоўскі і Юзаф Пілсудскі.

Жаданне Крамля ў выніку было выканана. Дзяржаўная рада ПНР прыняла адпаведную пастанову, і 21 ліпеня 1974 года падчас цырымоніі ў Варшаве Герэк узнагародзіў Брэжнева Вялікім крыжам Ваеннага ордэна Virtuti Militari за «выбітныя асабістыя заслугі ў разгроме нацысцкай Германіі».

Адразу пачаўся скандал, паколькі рэальны ўклад Брэжнева ў перамогу ў Другой сусветнай вайне быў вельмі сціплым. Падчас вайны ён быў палітычным камісарам (палітработнікам) і, хоць пазней яго ролю ўсяляк перабольшвалі, да выбітных военачальнікаў яго прылічыць было нельга.

Усім было зразумела, што ўзнагароджанне — чыста палітычны акт, закліканы прадэманстраваць сяброўства і саюзніцтва паміж сацыялістычнымі краінамі, а не прызнанне асабістых заслуг Брэжнева на полі бою.

Зрэшты, менавіта Брэжнеў практычна адразу дыскрэдытаваў прысваенне яму статусу кавалера Virtuti Militari. Пасля атрымання ордэна ў Варшаве ён адправіўся ў Сілезію, каб наведаць Катавіцкі металургічны камбінат. Не адыходзячы ад касы, Брэжнеў атрымаў званне першага ганаровага супрацоўніка гэтага прадпрыемства. Усё гэта выклікала смех у грамадстве.

А яшчэ праз два гады сярод польскіх афіцэраў-ветэранаў узнікла ідэя сімвалічна выказаць пратэст супраць паніжэння статусу Virtuti Militari. Нагодай паслужыла святкаванне 600-годдзя прысутнасці абраза Маці Божай Чэнстахоўскай у Яснай Гары.

3 мая 1976 года група вышэйшых афіцэраў Войска Польскага часоў Другой Рэчы Паспалітай у прысутнасці кардынала Стэфана Вышынскага (тагачаснага прымаса Польшчы) і тысяч паломнікаў публічна і ўрачыста склалі свае ўласныя ордэны Virtuti Militari на алтар. Такім чынам ветэраны выказалі пратэст супраць «апаганьвання» найвышэйшай вайсковай узнагароды Польшчы.

Але глабальна больш важна іншае. Трагікамічная гісторыя з ордэнам для Брэжнева стала адным з сімвалаў залежнасці ПНР ад Масквы і дадала грамадству яшчэ адну прычыну для раздражнення ўладамі. Скандальны выпадак з узнагародай дадаў «маральнага паліва» ў агонь грамадскага незадавальнення. Безумоўна, сам па сабе скандал з Virtuti Militari не мог вывесці людзей на вуліцы, але добра паказваў ступень залежнасці польскіх улад ад Крамля. На гэтым фоне эканамічны крызіс і павышэнне цэн у 1976 годзе прывялі да масавых пратэстаў і наступных рэпрэсій. Менавіта яны сталі каталізатарам для стварэння ў Польшчы арганізаванай дэмакратычнай апазіцыі.

Дарэчы, гісторыя мела і сімвалічны эпілог. Пасля падзення камуністычнага рэжыму ў Польшчы рашэнне аб узнагароджанні Брэжнева ордэнам Virtuti Militari было анулявана. 10 ліпеня 1990 года прэзідэнт Польшчы Войцех Ярузэльскі пазбавіў савецкага лідара найвышэйшай вайсковай узнагароды краіны. Так скончылася гісторыя аднаго з самых спрэчных узнагароджанняў у польскай гісторыі.