Аліна Нагорная і Ігар Случак падаравалі слуцкім дзецям «Кошык вожыка»

300 экзэмпляраў цудоўных беларускамоўных кніжак «Кошык Вожыка» з вершамі і малюнкамі Лізы Шмідт занялі сваё месца на кніжных палічках слуцкіх дзіцячых садкоў, а таксама сацыяльнага цэнтра і дома дзіцяці.

20200109_172016_logo.jpg


Карэспандэнт НЧ разам з папулярызатарамі беларускай мовы Алінай Нагорнай і Ігарам Случакам 9 студзеня паўдзельнічала ў перадачы кніг кіраўнікам дзіцячых устаноў. Прыемна было назіраць, як кіраўнікі садкоў ахвотна прымалі прыгожа аздобленыя беларускамоўныя кніжкі і дзякавалі за падарункі.

20200109_171552_logo.jpg


Пасля ўручэння Аліна Нагорная распавяла НЧ, якім чынам ёй і Ігару Случаку ўдалося ажыццявіць выданне такіх запатрабаваных беларускамоўных дзіцячых кніг.
— Дзеці — будучыня Беларусі. А якая можа быць Беларусь без беларускай мовы? — кажа Аліна. — Падчас навучання ва ўніверсітэце я праходзіла практыку ў дзіцячых садках і заўважыла, што там не хапае беларускамоўнай літаратуры. Разам з Лізай Шмідт (маёй маці) вырашылі выдаць яе кнігу на беларускай мове і падараваць дзіцячым установам Случчыны.
— Хто прафінансаваў выданне?
— Сродкі на выданне кнігі збіраліся праз пляцоўку ахвяраванняў «Талака». Удзел у яе фінансаванні прынялі каля 200 чалавек. Гэта былі людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з ЗША, Канады, Нямеччыны, Украіны, Расіі. Кожны, хто падтрымаў праект, атрымаў асобнік. Астатні наклад распаўсюджваецца ў Слуцку і Слуцкім раёне.


— Чаму для распаўсюду быў абраны менавіта горад Слуцк?
— Слуцк — радзіма аўтара Лізы Шмідт, з гэтым горадам звязаны яе дзіцячыя ўспаміны.
— Я пачытала вершы і мне яны вельмі спадабаліся, нягледзячы на тое, што я дарослы чалавек. Думаю, што любое дзіця не было б супраць іх паслухаць і пагартаць цудоўна аформленыя старонкі з улюбёнымі героямі. А ці можна іх дзе-небудзь набыць?
— Не. Але магчымасць пагартаць кнігу будзе ў кожнага слуцкага дзіцяці, бо мы перадалі некалькі асобнікаў таксама і ў дзіцячую бібліятэку. Кнігу можна будзе знайсці на палічках буккросінгу — у Слуцку іх некалькі. У бліжэйшай будучыні збіраемся прадоўжыць распаўсюд дзіцячай кніжкі ў 30 вясковых садках Слуцкага раёну.