Анатоль Івашчанка прэзентуе новую кнігу

1 сакавіка аматары сучаснай беларускай літаратуры запрашаюцца ў мінскую кнігарню «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37А) на прэзентацыю празаічнай кнігі Анатоля Івашчанкі «Анаталогія». Сустрэча пройдзе ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».



anatalogia_1200.jpg

У вечары возьмуць удзел: пісьменнікі Наталка Бабіна, Сяргей Дубавец, празаік Алесь Пашкевіч, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч, паэт Усевалад Сцебурака.

Чакаюцца цікавосткі і прыемныя сюрпрызы ад Анатоля Івашчанкі.

Пачатак у 19.00. Уваход вольны

Анатоль Івашчанка — паэт, даследчык, кандыдат філалагічных навук. Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Мінску. Выпускнік філфака Белдзяржуніверсітэта, абараніў дысертацыю па паэтыцы Алеся Разанава ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Працаваў у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, выкладаў беларускую мову ў БНТУ. Цяпер — адказны сакратар часопіса «Дзеяслоў». Лаўрэат прэміі «Залатая літара» (2005). Аўтар дзвюх паэтычных кніг і адной манаграфіі па творчасці Алеся Разанава.

«Анаталогія» — кніга апавяданняў, запісаў і эсэ, некаторыя з якіх апублікаваныя пад сапраўдным іменем упершыню. Усе яны напісаныя ў 21-ым стагоддзі і закранаюць тэмы, блізкія тым, чыё дзяцінства і ранняе юнацтва прыпадаюць на «ліхія 90-я». Творы лаканічныя і ў вялікай ступені аўтабіяграфічныя: прасочваецца шлях галоўнага героя ад 13-гадовага хлапчука да 35-гадовага мужчыны, ад першых спробаў спазнання свету да сталасці, стварэння сям'і і радасці бацькоўства. Адрасаванае шырокаму колу чытачоў. Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»