«Арт Сядзіба» і відэастудыя «Ideas» падораць кліп беларускамоўнаму выканаўцу

Грамадскае агенцтва «Арт Сядзіба» і відэастудыя «Ideas» распачынаюць сумесны творчы конкурс «КЛІПзаМОВА» сярод гуртоў і выканаўцаў, якія спяваюць па-беларуску. Для фіналістаў конкурса відэастудыя здыме прэзентацыйныя ролікі, а пераможца атрымае магчымасць зняць кліп на ягоную песню цалкам бясплатна.



klipzamova_nch.jpg

Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе, да 3 сакавіка трэба даслаць песню на беларускай мове з кароткім апісаннем гурта ці выканаўцы, спасылкамі на сайт ці сацыяльныя рэсурсы і кантактнымі дадзенымі на скрыню artsiadziba@gmail.com альбо ў адмысловую падзею УКантакце.
Патрабаванні:
— прымаюцца толькі цалкам аўтарскія песні, выкананыя на беларускай мове;
— стыль песні не мае значэння;
— прымаецца толькі адна песня ад гурта ці выканаўцы;
— песня павінна быць студыйнай якасці і не старэйшай за паўгады ад запісу ці рэлізу.

Што далей?
— у сакавіку з атрыманых прац будзе абрана 20 песень, сярод якіх у чатыры туры адбудзецца адкрытае галасаванне і будуць вызначаныя чатыры фіналісты;
— для чатырох фіналістаў відэастудыя «Ideas» здыме прэзентацыйныя ролікі, а грамадскае агенцтва «Арт Сядзіба» арганізуе вялікія інфармацыйныя матэрыялы з інтэрв'ю ў беларускіх СМІ;
— у красавіку адбудзецца фінальнае галасаванне з удзелам інтэрнэт аўдыторыі і экспертаў і вызначэнне пераможцы, якому відэастудыя «Ideas» бясплатна здыме кліп;
— у траўні грамадскае агенцтва «Арт Сядзіба» правядзе ў адным з клубаў Мінску канцэрт пераможцы з шырокай прэзентацыяй кліпу ў беларускіх СМІ.
 


Відэастудыя «Ideas» займаецца здымкамі тэлевізійных праграм, музычных кліпаў, рэкламы і кароткаметражных фільмаў, а таксама здае ў арэнду студыю з тэхнікай. Ранейшыя працы студыі «Ideas» можна паглядзець на адмысловым канале ў YouTube.
Па інфармацыі прэс-службы «Арт Сядзібы»