Беларускія кліпы пакажуць у Францыі разам з кіно пра Nirvana і Joy Division (відэа)

Відэакліпы мастака Анатоля Тадорскага на музычныя кампазіцыі Уладзіслава Бубена будуць прадстаўленыя на штогадовым фестывалі MusicVideoArt 2014, які адбудзецца ў французскім горадзе Ліль. 

 З больш як 500 работ, дасланых кліпмэйкерамі з усяго свету, журы фестывалю адабрала найлепшыя для дэманстрацыі на вялікім экране. Адразу дзве працы Тадорскага і Бубена выйшлі ў фінал – кліпы Our Way to Nowhere і The Flight for Freedom, створаны для вядомай беларусам швецкай Studio Total. 

Кліпы будуць прадэманстраваныя 2 і 4 снежня ў Palais des Beaux Arts. Беларускі творчы дуэт таксама атрымаў запрашэнне на ўдзел у наступным фестывалі ў 2015 годзе. Хэдлайнерамі фестывалю ў гэтым годзе стануць дакументальны фільм About a son, які распавядае пра папулярнага музыку і лідэра гурта Nirvana Курта Кабэйна, а таксама стужка рэжысёра Гранта Гі, што распавядае пра новыя факты з жыцця культавага ангельскага калектыву Joy Division.

Бліжэйшыя выступы Бубена адбудуцца ў Арт-Сядзібе 4-га снежня (разам з паэтамі Гапеевай і Байсанам) і 12га снежня ў Музеі Азгура.