БНР: навошта?! Перадгісторыя дзяржавы-мроі
Доўгі час Беларуская Народная Рэспубліка падавалася ці то недарэчнай мрояй, ці то фантазіяй эмігрантаў, ці то «нямецкім марыянеткавым праектам», ці то… паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавай, гвалтоўна задушанай бальшавікамі. Што ж гэта было насамрэч? Просты і зразумелы адказ на пытанне мы паспрабуем даць у серыі публікацыяў, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння рэспублікі.
Але пачнём з вытокаў. На пачатку, як вядома было Слова, калі трактаваць шырэй — Ідэя. Дык хто ж выдумаў БНР, ці была гэта воля аднаго чалавека, плён шматлікіх заблытаных працэсаў альбо вынік няўхільнага ходу гісторыі? Давайце разбірацца.
Калі памятаеце фізіку і параграф з падручніка пра ўтварэнне навальніцы (канечне, вы яго не чыталі), то працэс там выглядае наступным чынам: дзякуючы моцнаму ветру кропелькі вады муляюцца адна аб адну, у выніку ідзе накапленне статычнай электрычнасці, утвараецца адмоўны зарад і... бах! Маланка, гром і залева.
З БНР было менавіта так. На пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў усім стала зразумела, што жыццё ўжо ніколі не будзе ранейшым, свет змяняецца, а час паскарае хаду. Індустрыяльная рэвалюцыя, накапленне навуковых ведаў, сацыяльнае разнявольванне, якое выштурхнула ў публічную прастору масу ўчорашніх сялянаў, — усё сыграла сваю ролю.
У пэўны момант нашчадкі засцянковай шляхты ды сялянскія дзеці, што абралі кар’еру дробных чыноўнікаў альбо ксяндзоў, абчыталіся этнаграфічных прац Карскага і Федароўскага, пазнаёміліся з моднымі сацыяльнымі тэорыямі і пабачылі свет, зрабілі сапраўднае адкрыццё. Выявілася, што масы людзей, якія жывуць паміж Смаленскам і Беластокам, Вільняй і Пінскам, аб’ядноўвае нешта важнае: яны беларусы, а значыць, вартыя таго, каб жыць у сваім асобным доме, мець дзяржаву.
Як да гэтага дайсці практычна? На пачатку гэта была культурная праца ў выглядзе выдання літаратуры на зусім «някніжнай» на той момант беларускай мове — так працавалі пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», так паўстала першая беларуская газета «Наша Ніва», што друкавалася як кірыліцай (для праваслаўных), так і лацінкай (для каталікоў). Гэта была палітыка ў выглядзе стварэння нашай першай партыі — «Грамады». Гэта была рэлігія — каталіцкія семінарысты, на дзіва, пачалі друкаваць малітоўнікі зусім не па-польску, а па-беларуску.
Калі кропелькі муляюцца адна аб адну, ідзе накапленне статычнай электрычнасці... Так з’явіліся падставы для смелага і наватарскага стартапу — беларускага праекта. Зрэшты, падобнымі праектамі займаліся і суседзі: украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы і інш. Заставацца ўбаку было б як мінімум дзіўна і неабачліва.
Чаму Беларусь, а не «ВКЛ 2.0»? Усё проста. З аднаўленнем Вялікага Княства, феадальнай шматнацыянальнай дзяржавы, можна было насіцца ў ХІХ ст., у часы Міцкевіча і Каліноўскага. У ХХ стагоддзі гэта была ўжо проста... састарэлая мадэль, антыкварыят для калекцыянераў. У сацыяльным плане — бо шляхта страціла сваю ролю, наперад выходзілі сялянства і сярэдні клас. У нацыянальным плане — бо прыйшоў час нацыянальных праектаў, а не імперыяў. У плане эстэтыкі патрэбны быў мадэрн на мяжы са стымпанкам, а не закос пад барока ці рамантызм.
Калі пачалася завіруха Першай Сусветнай, што прывяла да дзвюх рускіх рэвалюцыяў — дэмакратычнай і бальшавіцкай, фізіка зрабіла сваю справу: накоплены зарад статычнай электрычнасці нарэшце дасягнуў небяспечнай мяжы, на беларускім небе заблішчэла ды грымнула. Хлопцы вырашылі: «Цяпер альбо ніколі!», і панеслася... Пачынаўся 1918 год.
Ці была пасля залева, што не пакінула аніводнага сухога дрэва ды каменя на віленскай брукаванцы, альбо ўсё прайшло бокам — «па-сухому»?
Чытайце ў наступных артыкулах.
Алесь Кіркевіч, budzma.by