Cвабодны тэатр паставіць «Сабак Еўропы» Бахарэвіча на прэстыжнай лонданскай сцэне
Спектакль Беларускага свабоднага тэатру «Сабакі Еўропы» паводле аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча ў траўні 2020 году будзе паказаны на адной з самых прэстыжных еўрапейскіх тэатральных сцэнаў — культурным цэнтры «Барбікан» у Лондане. Упершыню ў гісторыі на гэтай сцэне выступіць беларускі калектыў і зь яе прагучыць беларуская мова, паведамляе Радыё Свабода.
Пра гэта было абвешчана 23 кастрычніка падчас азнаямлення прэсы і крытыкаў з праграмай цэнтру на 2020 год. У паведамленні гаворыцца, што ў траўні 2020 году на галоўнай тэатральнай сцэны «Барбікану» адбудзецца сусветная прэм’ера спектаклю «Сабакі Еўропы» — «эпічнай фантазіі і палітычнага трылеру пра небяспекі ігнаравання моманту, калі пускае свае карані аўтарытарызм».
Кнігу Альгерда Бахарэвіча на мову тэатру пераклалі Марыя Бяльковіч і Мікалай Халезін. Спектаклі ў «Барбікане» пройдуць 13-16 траўня 2020 году.
Мы пагаварылі пра новую працу Беларускага свабоднага тэатру з яго мастацкім кіраўніком Мікалаем Халезіным.
— Мікалай, што такое Barbican?
— Barbican — гэта найбуйнейшы ў Еўропе культурны цэнтр, які аб’ядноўвае пад сваім дахам праекты ў сферы музыкі, тэатру, кіно, літаратуры, выяўленчага мастацтва і адукацыі і мае свае філіялы ня толькі ў Вялікабрытаніі, але і за мяжой. Гэта адна з самых прэстыжных тэатральных сцэн у свеце, на якой граюць свае спектаклі тэатральныя калектывы першай велічыні: ад калектываў Рамэа Кастэлючы і Рабэра Лепажа да Арыяны Мнушкінай і Пітэра Брука. Сярод рэзідэнтаў Barbican’у — Лонданскі сімфанічны аркестр, Сімфанічны аркестр Бі-Бі-Сі, Гілдголская тэатральная школа і яшчэ шэраг прызнаных у свеце творчых калектываў.
Мы гралі на многіх прэстыжных сцэнах Вялікабрытаніі — Young Vic, Almeida, Шэкспіраўскі тэатр Globe, але заўсёды ставіліся да Barbican’у як да пэўнага арыентыру, да якога трэба прайсці з гадамі. І мы шчаслівыя, што гэты час прыйшоў.
— Пра што вашы «Сабакі» скажуць еўрапейскаму, сусветнаму гледачу?
— Спектакль «Сабакі Еўропы» паводле раману Альгерда Бахарэвіча — гэта антыўтопія-папярэджанне для еўрапейскага гледача, якая спрабуе прымусіць яго зразумець, што тыя тэндэнцыі, якія мы назіраем сёння ў свеце, надзвычай небяспечныя, і могуць прывесці да яшчэ горшай сітуацыі, чым тая, якую мы назіраем сёньня ў большасці постсавецкіх краін. Barbican ахарактарызаваў яго як «эпічная фантазія і палітычны трылер пра небяспекі ігнаравання моманту, калі аўтарытарызм пускае свае карані».
Гэты раман надзіва падрабязна мадэлюе магчымую будучыню, абапіраючыся на сённяшнюю рэальнасць, мы проста ня мелі права прайсці міма яго. Пры тым, што ўзяцца за інсцэніроўку твору, які ў арыгінале налічвае амаль тысячу старонак — гэта амаль авантура. Мы гэта ўсведамлялі, калі пачалі працаваць над яго інсцэніроўкай разам з Марыяй Бяльковіч. У выніку гадавой працы атрымалася 50-старонкавая п’еса, над якой мы да гэтага часу працягваем працу, цяпер ужо ў рэжыме пастановачным, калі да працэсу працы над тэкстам далучыліся нашы акторы.
— Беларускі свабодны тэатр, безумоўна, беларускі, але звычайна працуе бязь межаў. Хто і як працаваў у гэтым новым праекце?
— Над гэтым спектаклем традыцыйна працуе міжнародная творчая група з вялікай колькасці краін: Беларусі, Вялікабрытаніі, Украіны, Канады, Даніі, Нямеччыны, Ірландыі. Але гэтым разам увесь без выключэння акторскі склад будзе з Беларусі. Прычым, трое актораў зь дзесяці дэбютуюць у складзе Свабоднага тэатру на вялікай сцэне: двое з іх — выхаванцы нашай тэатральнай лабараторыі Fortinbras Аляксей Сапрыкін і Раман Шыцько, а трэці — ужо прызнаны ў Беларусі актор і рэжысёр Юры Дзівакоў, які лёгка ўліўся ў нашу трупу.
Падчас прэм’еры на сцэне Barbican, мы правядзем двухдзённы семінар у рамках адукацыйнага праекту і спадзяемся, што гэта стане новым досведам для нашых маладых актораў. Уласна, гэта і адрознівае наш тэатар ад большасці іншых — развіццё і ўзаемазамяняльнасць. Нашы «ветэраны» Марына Юрэвіч і Павел Гарадніцкі у гэтым спектаклі чакана замацаваліся ня толькі на сваіх акторскіх пазіцыях, але і ў якасці рэпетыцыйных рэжысёраў, а Кірыл Калбаснікаў асвойвае сумежную прафесію асістэнта рэжысёра. Дадатковыя пазіцыі на гэткіх маштабных міжнародных праектах даюць творчай групе вельмі моцны штуршок, які, дарэчы, уплывае і на павагу да тэатру ў сусветнай тэатральнай індустрыі.
—Калі адбудзецца беларуская прэм’ера спектаклю і чым яе пастаноўка будзе адрознівацца ад лонданскай?
— Беларуская прэм’ера адбудзецца ў Менску ў канцы лютага. Сам драматургічны матэрыял ніяк ня будзе адрознівацца ад таго, што мы пакажам у Лондане, але ў паказах будзе шэраг адрозненняў. Яны будуць тычыцца толькі розніцы ў пастановачных тэхнічных магчымасцях, бо такая розніца паміж Barbican і любой беларускай тэатральнай прасторай відавочная.
Што яшчэ важна. У рамане Альгерда закладзеная дуальнасць, якая неаднаразова праяўляецца ў яго фабуле. І мы вырашылі падтрымаць гэтую ідэю канцэптуальным рашэннем у арганізацыі працы над спектаклем. Практычна на ўсіх пастановачных пазіцыях працуюць людзі, якія прадстаўляюць ня проста розныя творчыя погляды, але нават розныя краіны: відэарэжысёры — украінец Раман Любы і ангелец Джош Фаро, кампазітары — нямецкі Сяргей Неўскі і канадскі Марк Марчык, над сцэнаграфіяй я працую супольна з датчанінам Мікалаем Гарт-Гансэнам.
Нам здаецца, што гэткія альянсы пашыраць наш погляд на матэрыял і нададуць яму ўнікальнае гучанне.