Дзяўчына выпадкова знайшла невядомы верш Рыгора Барадуліна
Архітэктарка Ганна Каспяровіч, якая жыве ў Кракаве, папрасіла знаёмага перадаць ёй беларускія кнігі. Гартаючы адну з іх, яна знайшла паперку, на якой яна пабачыла рукапіс Рыгора Барадуліна з невядомым раней вершам.
Ганна расказвае, што верш у яе з’явіўся нечакана. Настолькі, што дзяўчына не здолела да канца прасачыць яго паходжанне.
— Недзе два тыдні таму адзін вельмі блізкі сваяк перадаў мне ў Кракаў падарунак — некалькі асобнікаў розных рэдкіх кніг, у тым ліку факсімільныя выданні Купалы, Багдановіча. Таксама сярод іх быў зборнік «Прынамсі» Рыгора Барадуліна, выдадзены ў 1977 годзе. Вырашыла, пагартаю тое, што мне перадалі, і пабачыла, што ў кнізе нешта ляжыць. Разгортваю гэтую паперку — а там рукапіс Барадуліна 1998 года.
Потым патэлефанавала свайму сваяку, які перадаў мне кнігу, спытала, як так магло атрымацца. Гэта ўжо немалады чалавек, але ён згадаў, што ў кафэ «Малочнае» праз дарогу ад мінскага цырка была сустрэча, прымеркаваная да Дня Волі, і гэты верш таксама звязаны з нацыянальнай тэматыкай. Магчыма, там хтосьці камусьці перадаў гэтую паперку, і так яна захавалася. Але калі чалавек мне перадаваў гэтую кнігу, ён не памятаў, што там ляжыць нешта такое, — расказала Ганна.
Беларуска шукала гэты верш у розных крыніцах, кнігах і інтэрнэт-парталах, але не здолела знайсці. Выходзіць, што «Вольна развінайцеся» раней увогуле не даходзіў да чытачоў.
Ганна кажа, што гэта сапраўдны цуд: вось так раптоўна разгарнуць кнігу Рыгора Барадуліна і знайсці такі артэфакт. Дзяўчына разважае, што цяпер гэты верш існуе ў адзіным асобніку, але можна зрабіць так, каб ён быў у кожнага беларуса ў галаве, і тады колькасць яго асобнікаў будзе роўная колькасці беларусаў.
Фота верша Ганна апублікавала ў Інстаграме.
Для самой Ганны беларуская паэзія — не пустыя словы.
— Для мяне Барадулін — гэта любоў любоўная. Вельмі падабаецца ягоны гумар, аптымізм, з якім ён ставіўся да жыцця. Чытачы майго інстаграма напісалі, што вось такім чынам, праз верш, Рыгор Барадулін прывітаў нас у такія цёмныя часы і даў надзею, што ўсё будзе добра. Раптоўнасці і нечаканасці здараюцца нават у такія цёмныя часы, так што ўсё магчыма.
Яшчэ вельмі люблю Янку Купалу, для мяне яго вершы — асалода, і цяпер мне таксама перадалі факсімільнае выданне яго зборніка «Жалейка» 1908 года. Ён пісаў вельмі натхнёна, яго вершы даюць надзею. Як сказаў адзін сваяк: не разумею, як Купала раней усё гэта разумеў і жыў, і неяк спраўляўся. Маўляў, я ўжо не магу [спраўляцца], а Купала мог, і Барадулін таксама мог, — кажа яна.
Вось гэты тэкст:
Вольна разьвінайцеся!
Бел-чырвона-белыя буслы,
Вы — сьцягі,
Якія немагчыма
Зь неба зьняць
З зацятасьцю айчыма.
Вы —
Як нашы шчырыя паслы.
Нашы душы пасылаюць вас
Папрасіць дабраслаўленьня ў Бога,
Каб у Край наш
Пані Перамога
Зноў наведалася ў добры час.
Вам пасьцелім сэрцы,
Як лугі.
Асланяйце Беларусь сьвятую.
Вечны той,
Хто родны Край ратуе.
Вольна разьвінайцеся,
Сьцягі!
4 сакавіка, 98
Рыгор Барадулін.