Fantastic Swimmers запісалі ў Варшаве Сoncerto Grosso #13

Мінскі авант-джазавы ансамбаль «Фантастычныя плыўцы» сёлета займеў сваё варшаўскае ўвасабленне.

full_cover.jpg

Кампанію заснавальніку фармацыі Віктару Сямашку склалі чальцы Warsaw Improvisers Orchestra: амерыканскі віаланчэліста Джон Корнэл, які атабарыўся ў польскай сталіцы, кларнетыста Пётар Мелех, майстар перкусіі Пётар Дамброўскі і спявачка родам з Наваполацку Вераніка Лось, якая жыве ў Варшаве каля 10 год.
 У такім складзе месяц таму «плыўцы» сыгралі Concerto Grosso #13. Мейсцам дзеі стаў варшаўскі клуб «4 пакоі», дзе знаходзіцца стогадовае фартэпіяна Becker, прывезенае з Санкт-Пецярбургу. Асновай для калектыўнай імправізацыі сталі графічныя партытуры бэндлідара. Назовы кампазіцыяў прадыктаваныя асаблівасцямі іх пабудовы: «Кропкі», «Піраміда», «Кола зменаў»...
Канцэрт быў цёпла сустрэты публікай. А адзін з гледачоў, польскі кампазітар Анджэй Рэйман напрыканцы прызнаўся ў сваім сваяцтве з Францішкам Багушэвічам.
Запіс Concerto Grosso #13 папоўніў канцэртаграфію «Фантастычных плыўцоў». Яго можна бясплатна паслухаць і спампаваць.
Вокладку для альбома акурат падчас імпрэзы намалявала мастачка Бася Жах. Магчыма, неўзабаве з'явіцца й відэаверсія канцэрту.
VS&Co