Фільм Сяргея Лазніцы «Падзея» паказваюць на Венецыянскім фестывалі. Трэйлер

У стужцы аўтар спрабуе зразумець, хто тыя людзі, якія выходзяць на плошчу, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з уладай.



a3.jpg

На курортнай выспе Лідо адкрыўся Венецыянскі міжнародны кінафэстываль — найстарэйшы і адзін з самых прэстыжных у свеце.

Сярод знакамітых мэтраў у конкурснай гонцы за «Залатым ільвом» значацца Ежы Скалімоўскі і Том Хупэр, Атам Эгаян і Марка Бэлёк'я, Амос Гіта і Чарлі Каўфман. Для конкурснай праграмы адабраная 21 карціна, у тым ліку і праца Аляксандра Сакурава «Франкафонія» аб Луўры ў перыяд нямецкай акупацыі Францыі.

Па-за конкурсам пакажуць гангстэрскі трылер «Чорная імша» з Джоні Дэпам, дакументальны фільм «Дэ Пальма» Ноа Баумбаха і Джэйка Пэлтроў, «Ідзі са мной» Даніэла Альфрэдсана, «У цэнтры ўвагі» Томаса Макарці, «Эверэст» Бальтазара Кормакура і «Падзея» Сяргея Лазніцы.

Следам за нашумелым фільмам «Майдан» стужка «Падзея» зноў аналізуе, хто тыя людзі, якія выходзяць на плошчу, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з уладай, і дэманструе, што такое расійская дэмакратыя і чаму цяпер ад яе засталося так няшмат.

Пры стварэнні фільма Лазніца выкарыстаў архіўныя здымкі, у тым ліку — унікальныя матэрыялы, якія раней бачылі адзінкі.

Радыё "Свабода"