Фіналісты дзіцячай «Песні для «Еўрабачання» будуць спяваць і на беларускай
Белтэлерадыёкампанія вызначыла парадак выступленняў удзельнікаў фінальнага тура дзіцячага конкурсу «Песня для «Еўрабачання». Фінал пройдзе ў Мінску 29 жніўня.
Парадак выступлення вызначылі жараб'ёўкай. Паводле інфармацыі прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, першай на шоў выступіць 11-гадовая Юлія Левіна з Берасця, далей свае кампазіцыі выканаюць Ганна Ермаковіч (14 гадоў, Берасце), Надзея Місякова (14 гадоў, Мінск), Уладзіслава Дарашэвіч (10 гадоў, Мінск), Алена Цітова (10 гадоў, Магілёў), Дар'я Атрошанка (13 гадоў, Маладзечанскі раён), Ангеліна Піпер (14 гадоў, в. Астрамечава Берасцейскай вобласці), Ксенія і Павел Лашчэўскія (12 і 11 гадоў, Слонім), Антоній Канаплянік (12 гадоў , Мінск), Ганна Зайцава (13 гадоў, Мінск).
«Практычна ўсе конкурсныя нумары ўдзельнікаў гатовыя, — адзначыла кіраўнік рабочай групы конкурсу, выканаўчы прадзюсар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 1»
Людміла Барадзіна. — З дзесяці фінальных песень тры прагучаць на беларускай мове».
Шоу будзе транслявацца ў жывым эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24», адзначылі ў прэс-службе.
Пераможца нацыянальнага адборачнага тура будзе вызначаны паводле вынікаў галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў. Ён будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні
«Еўрабачанне-2014», які пройдзе 15 лістапада ў Валета (Мальта).
БелаПАН