Генералы айчыннага року нарэшце выдалі доўгачаканы альбом «Зацьменны блюз»!
Яшчэ ў пачатку мінулага года здавалася, што альбом вось-вось выйдзе, але спачатку — пандэмія, а потым і падзеі другой паловы года ўнеслі свае карэктывы. Але ж дачакаліся і ўчора адбылася анлайн-прэзентацыя альбому «Зацьменны блюз» ад славутай «Крамы».
У альбом увайшлі як ужо вядомыя заўзятарам гурта творы «Дапіў віно», «Аўтазак», «Фаніпаль» (можна лічыць сапраўдным гімнам гораду!), так і амаль ніколі не гучаўшыя раней «Элвіс на М1», «Там, дзе ты», «Права на блюз», «Апошні змагар», «Facebook man» ды, вядома, «Зацьменны блюз».
Шмат гледачоў назірала за эфірам, квіткі можна было набыць раней па розным кошце — кожны мог падтрымаць гурт на зручную для сябе суму.
Вечар атрымаўся сапраўды святочным для прыхільнікаў творчасці Ігара Варашкевіча і ягонай каманды. Амаль 2 гадзіны цягнуўся эфір.
Лідар «Крамы» Ігар Варашкевіч пазначыў, што не вельмі звыкла граць перад пустой пляцоўкай, і выказаў упэўненасць, што зусім хутка пабачыць усіх сваіх слухачоў на вольных канцэртах, на якія мы яшчэ не здолелі забыцца.
Пасля прадстаўлення новага альбому, гурт выканаў свае хіты, якія даўно ўвайшлі у залаты фонд беларускага року, — «Белая вада», «Хавайся ў бульбу», «Дзяўчынка са шклянымі вачыма» ды шмат іншых.
Калі музыкі ўжо развітался і сышлі са
сцэны, анлайн-гледачы выклікалі іх на «біс», і «Крама» завяршыла свой выступ
вядомейшай «Дзякуй Богу, але мы ідзем дамоў».
Новы альбом «Зацьменны блюз» можна паслухаць на шматлікіх лічбавых пляцоўках.