Хоцімск — самы ўсходні райцэнтр Беларусі, які займеў свой герб толькі ў 2001 годзе

Кожнае паселішча — гэта прастора, у якой створана свая непаўторная атмасфера, і яе бадай што не ўбачыш у іншым месцы. Кожны куточак нашай Айчыны па-свойму адметны і ўнікальны. Хоцімск — мястэчка, цікавае па шматлікіх прычынах. 

Кола агляду мястэчка — адметнасць, якой могуць пазайздросціць нават жыхары абласных гарадоў. Крыніца - postalovsky-a.livejournal.com

Кола агляду мястэчка — адметнасць, якой могуць пазайздросціць нават жыхары абласных гарадоў. Крыніца - postalovsky-a.livejournal.com

Паселішча з’яўляецца самым усходнім у сённяшняй Рэспубліцы Беларусь. Месца лакалізацыі мястэчка вельмі маляўнічае: Хоцімск знаходзіцца на невялікім узвышшы паміж трох рэк — Жадунькі і Альшоўкі. Яны ўпадаюць у больш буйную водную артэрыю — Бесядзь, якая бярэ свой пачатак у адным з балот Смаленскай вобласці.

Хоцімск налічвае на сёння шэсць з паловай тысяч насельніцтва. Паселішча адносна маладое ў параўнанні з старадаўнімі гарадамі Магілёўшчыны. Нягледзячы на гэта, менавіта герб Хоцімска з’яўляецца адлюстраваннем цікавай і багатай гісторыі мястэчка. Сімволіка Хоцімска выглядае наступным чынам: у чырвоным полі варажскага шчыта срэбраны меч дзяржальняй уверх, злева і справа ад яго срэбраныя клямры. Геральдычны знак паселішча быў прыняты толькі ў 2001 годзе, бо дагэтуль свайго герба сённяшні Хоцімск не меў. Наконт гістарычнасці, правільнасці і лагічнасці спалучэння менавіта гэтых элементаў герба хай спрачаюцца геральдысты і прафесійныя гісторыкі. 


Дата заснавання мястэчка і яго ранняя гісторыя 

Да сёння не пастаўлена кропка ў спрэчцы: калі і кім было заснавана паселішча. Доўгі час была прынята думка, што Хоцімск узнік у 1430 годзе,  гэта дата трывала замацавалася не толькі ў краязнаўчай літаратуры, але патрапіла нават у энцыклапедычныя выданні. Пазначана яна і на сайце Хоцімскага райвыканкама. Аднак сцверджанні, што датай заснавання з’яўляюцца 30-я гг. XV стагоддзя, развейваюцца аб адно лагічнае пытанне: дзе знаходзяцца рэшткі  ўмацаванняў мястэчка? Такіх аб’ектаў археалогіі на тэрыторыі сучаснага Хоцімска выяўлена не было, як і народных паданняў (ці тапонімаў), якія б сведчылі аб месцы яго размяшчэння. Больш за тое, на тэрыторыі сучаснага Хоцімскага раёна летапісныя крыніцы ў XVI - XVII стст. згадваюць няшмат населеных пунктаў. Гэта можа тлумачыцца пастаяннымі войнамі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім, а затым паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. І толькі з падпісаннем «Вечнага міру» паміж двума варожымі дзяржавамі, з’яўляюцца ўмовы, якія дазваляюць у 1680-х  пачаць актыўнае засяленне ўсходняй часткі Крычаўскага староства.  

 Уяздны знак у Хоцімску з няправільнай датай заснавання. Крыніца - by.livejournal.com

 Уяздны знак у Хоцімску з няправільнай датай заснавання. Крыніца - by.livejournal.com

Першы пісьмовы ўспамін пра слабаду Хоцімск у Мсціслаўскім ваяводстве адносіцца да 1709 года. У інвентары, дзе згадваецца Хоцімск, ёсць пазнака, што ў статусе слабады паселішча будзе яшчэ адзін год. А калі ўлічваць, што «слабоды» (слабада — паселішча, у якім людзі на пэўны час былі вызвалены ад падаткаў) даваліся на 10-15 год, то вясковае паселішча на правым беразе Бесядзі ўзнікла недзе паміж 1695 і 1700-м гадамі. Паралельна ў 1714 годзе, паводле ўніверсалу канцлера Вялікага Княства Літоўскага Караля Станіслава Радзівіла, на другім беразе Бесядзі, насупраць вёскі Хоцімск, утвараецца населены пункт пад назвай Радзівілаў. Праз дзесяць год пасля заснавання мястэчку Радзівілаў яму надаецца ўжо статус горада, які складаўся з трох вуліц і 148 дамоў. Такім чынам, сучасны гарадскі пасёлак Хоцімск утварыўся ў выніку зліцця вёскі Хоцімск, заснаванай у канцы XVIIІ ст. і заснаванага ў 1714-м. мястэчка Радзівілава. Дарэчы, у тыя часы населеныя пункты паабапал Бесядзі звязваў даўгі мост. 

 Герб Галынскіх, якія валодалі Хоцімскам амаль паўтары стагоддзі. Крыніца - wikipedia.org

 Герб Галынскіх, якія валодалі Хоцімскам амаль паўтары стагоддзі. Крыніца - wikipedia.org

Важна адзначыць, што месца на правым беразе Бесядзі, дзе знаходзілася слабада Хоцімск ці Хоцімск Вялікі, як паселішча пазначалася ў інвентарах, зараз вядома сярод мясцовага насельніцтва як «стары Хоцімск». Цікава, што ў тагачасных крыніцах у найменні мястэчка назіраецца дваістасць, бо яно называецца як Радзівілаў, так і Хоцімск. З гэтага можна зрабіць выснову, што назва Радзівілаў дрэнна прыжывалася на новым месцы. Аднак варта зрабіць акцэнт на тым, што першыя ўладальнікі зямель сённяшняга Хоцімскага раёна былі менавіта Радзівілы і паселішча называлася ў іх гонар. Праўда, у 1760 годзе Крычаўскае староства пераходзіць ад Радзівілаў да магнатаў Мнішкаў. Але афіцыйная назва горада заставалася ранейшай — Радзівілаў. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) усходнія раёны краіны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійская імператрыца Кацярына II дорыць Радзівілаў свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну, які пераймяноўвае  мястэчка ў Хоцімск. 

Вядома, новая адміністрацыя не хацела бачыць назвы, якія сведчылі пра былую гісторыю края, а тым больш найменне, звязанае з прозвішчам аднаго з магнацкіх родаў Рэчы Паспалітай. Таму перайменаванне гарадскога паселішча ў Хоцімск мела галоўную мэту — знішчыць памяць пра вядомы беларускі шляхецкі род, які быў непасрэдным чынам звязаны з мястэчкам. Паселішча ў гэты час уваходзіла ў Крычаўскае графства. У 1786 годзе ў апісанні Крычаўскага графства А. Мейерам згадваецца выключна мястэчка Хоцімск. Такім чынам, паступова першапачатковая назва сціралася з памяці людзей. 

Пасля Пацёмкіна Хоцімск з ваколіцамі належаў мясцовай шляхце Галынскім, пазней на гэтых землях уладарыла памешчыца Кучэўская, а потым мястэчка стала маёмасцю князя Абаленскага. 

 Свята-Троіцкі сабор у Хоцімску, пачатак XX стагоддзя. Крыніца -wikipedia.org

 Свята-Троіцкі сабор у Хоцімску, пачатак XX стагоддзя. Крыніца -wikipedia.org

Адметнасці геральдычнага сімвала мястэчка

Стваральнікам геральдычнага знака Хоцімска быў узяты памяркоўны шлях. Не згадваючы ў гарадскім сімвале ні Радзівілаў, ні Пацёмкіна, на ім змяшчаюцца элементы герба Галынскіх — клямры. Пры гэтым нельга не адзначыць, што ўсё ХІХ стагоддзе мястэчка належала менавіта Галынскім, так што срэбраныя скобы з герба гэтага вядомага дваранскага рода, натуральна, тут невыпадковы. Аднак прыведзеныя вышэй факты развіцця паселішча пад сённяшняй назвай Хоцімск выклікаюць некаторыя пытанні і звязаныя яны перадусім з сучасным гарадскім сімвалам. Ці варта ў геральдыцы мястэчка неяк ушанаваць памяць пра Радзівілаў як  заснавальнікаў новага тыпу паселішча? А мабыць наогул трэба задумацца аб перайменаванні мястэчка Хоцімск у Радзвілаў, калі на гербе з’явіцца згадка пра гэта славуты магнацкі род? Падобныя пытанні, спадзяюся, будуць паднятыя ў будучыні, а цяпер жа можна разважаць толькі тэарэтычна.    

Вельмі радуе, што праз элемент сучаснага герба, якім з’яўляецца меч, актуалізуецца тэма Крычаўскага паўстання, якое на сёння яшчэ не да канца вывучана беларускімі гісторыкамі. Натуральна, што цэнтр паўстання знаходзіўся ў Крычаве і ў ваколіцах старадаўняга горада. Аднак Радзівілаў (як тады называлі мястэчка) у той час уваходзіў у склад адміністрацыйнай адзінкі пад назвай Крычаўскае староства. Менавіта пад сучасным Хоцімскам у траўні-чэрвені 1740 года быў сабраны ўзброены сялянскі атрад Кастуся Вашчылы, брата кіраўніка народнага выступлення, які разбурыў паташныя прадпрыемствы. Аднак падчас узброенага сутыкнення з атрадам адміністрацыі староства ў раёне Хоцімска паўстанцы былі разбіты. Больш за тое, атрад буднікаў на чале з адміністратарам Пжылэнцкім узяў у палон частку паўстанцаў, сярод якіх быў і беразоўскі войт Кастусь Вашчыла. Пры гэтым атрад Васіля Вашчылы са сваімі людзьмі накіраваўся да вёскі Калодзеск, дзе перахапіў паліцэйскі атрад Янкоўскага і разагнаў яго. 

Поспех акрыліў паўстанцаў, і яны адразу паспрабавалі вызваліць з палону сялян, што былі захоплены пад Хоцімскам. Аднак здзейсніць задуманае не ўдалося. У раёне Хоцімска ў 1741 годзе неаднойчы знаходзіўся і атрад самога кіраўніка паўстання Васіля Вашчылы. Такім чынам, сённяшні Хоцімск быў непасрэдна ўключаны ў падзеі паўстання ў Крычаўскім старостве, стаўшы адным з цэнтраў паўстання, пра што яскрава сведчыць герб мястэчка. 

Значкі паўтараюць якраз форму і каларыстыку герба Хоцімска (эмаль шчыта адпаведна чырвонага колеру), аднак маюць яшчэ зверху надпіс па-беларуску ці па-руску «Хоцімск». Герб мястэчка не толькі выкарыстоўваецца як афіцыйны сімвал, які прысутнічае на дакументах, стэндах разнастайных устаноў, аднак і ўпрыгожвае гарадскую паркавую зону. Прычым герб глядзіцца даволі прыгожа і эстэтычна, колеравая гама таксама падабрана паспяхова, а сукупная кампазіцыя сімвала гарманічная і строга падкрэслівае свае асаблівасці. 

Герб Хоцімска ў паркавай зоне мястэчка. Фота аўтара

Герб Хоцімска ў паркавай зоне мястэчка. Фота аўтара

Між іншым, герб з’явіўся ў Хоцімска толькі ў 2001 годзе, а яго стваральнікам з’яўляецца археолаг, геральдыст, доктар гістарычных навук Сяргей Расадзін. Ёсць яшчэ адзін варыянт герба, які магчыма можна аднесці да альтэрнатыўнай сімволікі мястэчка. Аднак гэты варыянт герба менш цікавы, неадметны, а некаторыя яго элементы слаба зразумелыя. Толькі адзін элемент можна патлумачыць з дакладнасцю — меч, які звязваецца з Крычаўскім паўстаннем. Пялёсткі кветак на чырвоным фоне можам толькі гіпатэтычна аднесці да падзей паўстання. Верхняя частка яшчэ менш зразумелая. Зялёная эмаль значка можа асацыявацца з лясамі Хоцімшчыны, сінія хвалі з рэчкай Бесядзь, а элемент у сярэдзіне сімволікі больш падобны на прамысловую трубу, знізу якой размешчана частка шасцярні, якая мусіць паказваць прамысловы патэнцыял. Гэта аднак толькі спроба тлумачэння сімволікі і не з’яўляецца дакладнай расшыфроўкай значка.  

Альтэрнатыўны герб райцэнтра. Крыніца - https://ussrtownpins.com/

Альтэрнатыўны герб райцэнтра. Крыніца - https://ussrtownpins.com/

Такім чынам, герб горада сапраўды адлюстроўвае гістарычны шлях мястэчка. Аднак пэўныя пытанні з гарадскім сімвалам усё ж існуюць, і спадзяюся, будуць абмяркоўвацца не толькі ў колах прафесійных гісторыкаў і мясцовых краязнаўцаў, а стануць актуальнымі для многіх жыхароў унікальнага ўсходняга мястэчка Беларусі.