
Але, калі прайсці лявей і ўнутр, то можна было пачуць зманлівы рэзананс гітар. Гук гітар і барабанаў адштурхоўваўся ад сцен і вёў кудысьці, адкуль накатамі ішлі рок-н-рольныя і панковыя хвалі, дзе гучалі басы. Наўпрост у карэтны панадворак. Там секлі, аддаючыся быццам у апошні раз, гурт МУТНАЕВОКА.

Вось дзе сапраўды было відаць, што музыкі ловяць неапісальны кайф ад сваёй справы. Гэта дзікая і неўтаймаваная энергія перадавалася гледачам. Людзі спявалі, танчылі, скакалі, плакалі, смяяліся, абдымаліся. Яны былі як быццам тут і, адначасова, не тут – дзесьці там, усярэдзіне свайго асабістага, таемнага. Па тварах некаторых было выразна відаць, што гэты гурт прайшоў з імі нейкія асаблівыя моманты жыцця – цяжкія ці шчаслівыя.

Замена струны і налада гітары

Вакаліст не разгубіўся і прапанаваў пайграць у акустыцы, публіка радасна прыняла гэту прапанову. Кожны сек на кораню любыя перадумовы дрэннага настрою. А там, праз некаторы час, і струна аднекуль матэрыялізавалася, і дождж скончыўся, і кожны сагрэўся цеплынёй.