Гунарс Біндэ: «Здымаць не тое, што бачым, а тое, што думаем»
У мінскай галерэі Міхаіла Савіцкага 21 лістапада адкрылася рэтраспектыўная фотавыстава Гунарса Біндэ, прымеркаваная да 100-годдзя незалежнасці Латвіі.
Фатографу ўжо 85 гадоў, але ўзрост не стаў перашкодай для наведвання Мінска. У нашым горадзе за творчасцю Гунарса сачылі яшчэ з савецкіх часоў (Біндэ пачаў творчы шлях у 1960-х). Тады дзейнічалі фотаклубы «Мінск» і «Рыга», іх яднала творчае сяброўства.
Выстава прымеркавана да 100-годдзя незалежнасці Латвіі, што адсвяткавалі 18 лістапада. Яе арганізацыі паспрыялі латышская амбасада і латышскае знешнеэканамічнае прадстаўніцтва ў Беларусі.
У прамове на адкрыцці выставы Гунарс Біндэ дзякаваў сваёй жонцы Таццяне, што стала для яго музай і галоўнай фотамадэллю.
У экспазіцыі даволі шмат здымкаў жанру «ню». Адзін з іх, дзе выяўлена жаночая філейная частка, трапіў на вокладку альбома Гунарса, які раскупілі проста вокамгненна. Гэта адзін з любімых здымкаў творцы.
Гунарс Біндэ раіў маладым фатографам часцей сустракацца жыўцом, імкнуцца дайсці да сутнасці таго, што здымаеш, і любіць мастацтва, разбірацца ў сродках выразнасці яго розных відаў. На думку творцы, выразныя сродкі ў любым відзе мастацтва адны і тыя ж, істотна разумець сувязі і супярэчнасці між імі. Гунарс паведаміў, што ніколі не цікавіўся тым, што выяўлена на яго здымках, а заўсёды задаваў пытанне «Чаму?»: чаму жанчына так глядзіць, чаму падзеі адбываюцца так, а не інакш…
Выстава «Гунарс Біндэ. Рэтраспектыва»працягнецца да 16 снежня. Каб наведаць экспазіцыю, трэба набыць уваходны квіток у Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага.
Фота Алены Ляшкевіч